Вы тут

Чэргі па свабоду: беларусы зноў выйшлі на вуліцы

Чэргі каб паставіць подпіс за незалежных кандыдатаў на Камароўцы 31 траўня 2020 года / Еўрарадыё

31 траўня беларусы ў розных гарадах краіны масава становяцца ў чэргі каля пікетаў вылучэнкі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Такая салідарнасць выкліканая затрыманнем кіраўніка ініцыятыўнай групы Сятланы — яе мужа і папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага.

Разам з паплечнікамі Ціханоўскі быў затрыманы ў Гродна падчас легальнага пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую: адна з жанчын, якая чаплялася да Ціханоўскага, паскардзілася міліцыянту на тое, што блогер не адказвае на яе пытанні. Пасля гэтага з'явіўся АМАП.

Заведзена крымінальная справа за гвалт у дачыненні да двух супрацоўнікаў міліцыі. Ціханоўскі і некалькі чалавек знаходзяцца ў СІЗА на Акрэсціна.

Пікеты праходзяць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі а таксама ў райцэнтрах — Рэчыцы, Маладзечне, Стоўбцах, Жодзіна, Жлобіне. У той жа час ТГ-канал "Стана для жизни" паведамляе пра затрыманні каардынатараў ініцыятыўных груп Святланы Ціханоўскай па ўсёй Беларусі. У Мінску затрыманы Мікалай Статкевіч.

На Камароўцы апроч пікета Ціханоўскай, праходзяць пікеты Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Мікалая Казлова. Чарга паставіць подпіс сёння дасягнула метро плошча Якуба Коласа і СК "Алімп", іншыя чаргі ішлі па вуліцах Кульман і Куйбышава.

Журналісты Еўрарадыё знялі таймлапс чарзе. На 13:30 яна расцягнулася ад Кульман, 2 да Камароўскага рынку. Гэта прыкладна кіламетр

Каардынатары пікетаў просяць людзей прытрымлівацца дыстанцыі, каб не заразіцца COVID-19 а таксама — паводзіць сябе мірна і не паддавацца на правакацыі. Аўтамабілі, якія праязджаюць міма, сігналяць мінчукам у знак падтрымкі. Па падліках #ControlBy на 12:54 у чарзе ля Камароўкі стаяла 1643 чалавекі. Людзі скандуюць "Свабоду!" і "Выпускай" і патрабуюць вызвалення затрыманых.

У 14:30 міліцыя папярэдзіла прысутных на Камароўцы, што яны з'яўляюцца ўдзельнікамі несанкцыянаванага мерапрыемства. Людзі прагналі "ціхароў" крыкамі ганьба і агульным "фу-у". Паток людзей зменшыўся толькі пасля 16-й гадзіны. 

У Гомелі і Віцебску міліцыянты заклікаюць людзей разысціся і кажуць, што яны, стоячы на легальным пікеце, здзяйсняюць правапарушэнне. Людзі крычаць "Ганьба" і "Верым, можам, пераможам".

Віцебск 31 траўня 2020 года
Аўтамабілісты сігналяць мінчукам у знак падтрымкі. Супрацоўнікі ДАІ іх спыняюць і штрафуюць

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.