Чэмпіянат Беларусі па футболе пакінула болей за палову легіянераў

З 68 замежных футбалістаў, якія выступалі ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў 2014 годзе, сорак ужо пакінулі краіну.

Сем легіянераў развіталіся з ФК “Слуцк”, шэсць — з магілёўскім “Дняпром”. Толькі салігорскі “Шахцёр” захаваў сваіх замежных гульцоў.

Барысаўскі БАТЭ таксама пакінула чацвёра з пяці леташніх легіянераў. Расіянін Анры Хагуш перайшоў у тульскі “Арсенал”, украінец Андрэй Якаўлеў цяпер будзе выступаць за саратаўскі “Сокал”, латвійскі брамнік Герман Маліньш вярнуўся на радзіму і падпісаў кантракт са “Сконта”. Без працы пакуль толькі серб Неманья Тубіч.

Мінскае “Дынама” пакінулі чатыры з васьмі легіянераў — серб Слабадан Сімавіч, Франк Джа-Джэджэ з Кот-д’Івуара, уругваец Эрнан Фігерэда і нарвежац Адама Дыямандэ.

Гродзенскі “Нёман” і ФК “Гомель” пазбавіліся чатырох легіянераў. Чатыры з пяці замежных гульцоў пакінулі ФК “Мінск”, тры легіянеры пакінулі жодзінскае “Тарпеда”, двое — “Белшыну”, па адным — “Нафтан” і брэсцкае “Дынама”.

Масавы ад’езд замежных футбалістаў спартовыя аналітыкі звязваюць з рэзкім пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і новым лімітам на легіянераў. Так, у новым сезоне замест пяці раней дазволеных замежных гульцоў на поле змогуць знаходзіцца толькі чатыры. У той жа час замежнікі, якія згулялі ў палове матчаў за зборную сваёй краіны ў каляндарным годзе, які папярэднічаў падпісанню кантракта, не будуць лічыцца легіянерамі.

На сёння ў беларускім чэмпіянаце не з’явілася ніводнага новага футбаліста. У большасці клубаў не сфармаваны бюджэт на наступны год, яны займаюць пазіцыю чакання, піша БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі