Чавусаў: Рэжым добра ведае “балючыя кропкі” для еўрапейцаў

Еўрарадыё: Учора на волю выйшла чарговая група палітычных зняволеных. Чакаецца, што да кастрычніка могуць быць вызваленыя і ўсе астатнія палітычныя. Як, на ваш погляд, з'яўленне на волі гэтых палітычных дзеячоў і дзесяткаў актывістаў можа паўплываць на сітуацыю ў дэмакратычным руху?

Юрый Чавусаў: “Трэба з асцярогай глядзець у будучыню. Калі апазіцыйныя сілы не аб’ядналіся ў сітуацыі татальных рэпрэсіяў, то верагоднасць, што яны аб’яднаюцца ў сітуацыі большага аслаблення рэпрэсіяў вельмі малая. Падазраю, што вызваленне палітвязняў можа быць скарыстанае рэжымам для пэўных маніпулятыўных захадаў. Але, канешне, палітвязні павінны быць выпушчаны — гэта адназначнае патрабаванне для нармалізацыі становішча ў краіне.

Я не падзяляю прагнозаў, што Лукашэнка пойдзе на імгненнае вызваленне ўсіх палітвязняў. Я думаю, што ён да апошняга будзе зацягваць гэтую сітуацыю. І гэтая практыка вызвалення групамі, яна будзе зацягнута і пазней за кастрычнік”.

Еўрарадыё: На вашую думку, ці Захад зараз зноў увяжацца ў гульню з Лукашэнкам або дачакаецца вызвалення ўсіх палітвязняў?

Чавусаў: “Для ЕС пытанне гуманітарнае, пытанне правоў чалавека і вызвалення канкрэтных асобаў — яны больш важныя, чым генеральнае змяненне сітуацыі ў краіне. Мяркую, што альтэрнатывы беларуска–еўрапейскаму дыялогу няма. І палітвязні — гэта будзе для Лукашэнкі зручная кропка, каб уцягнуць у гэты дыялог Захад. І паколькі на Захадзе прыхільнікаў дыялогу заўжды хапала, то гэта тактыка ўзаемнага ўцягвання, узаемных саступак, яна будзе працягнута”.

Еўрарадыё: У Беларусі не бракуе актыўных людзей, якіх можна "порцыямі" саджаць і "порцыямі" выпускаць. Відаць, гэта доўгатэрміновы працэс...

Чавусаў: “Сітуацыя са спадаром Бяляцкім паказвае, што рэжым вельмі добра ведае тыя “балючыя кропкі” для еўрапейцаў, на якія ён націскае. Зараз пытанне вызвалення палітвязняў сумяшчаецца з пытаннем пераследу праваабаронцаў. І саступкі ў гэтай галіне для ЕС больш важныя, чым маральныя страты ад таго, што будуць выдадзеныя нейкія крэдыты”.

Еўрарадыё: Якая верагоднасць, што Беларусь атрымае ад Захаду нейкія крэдыты?

Чавусаў: “На дадзены момант, практычна нулявая. Беларусь не выконвае ўмоваў не толькі ў палітычнай сферы, але не выконвае ўмоваў і ў эканамічнай сферы. Тыя прапановы па рэфармаванні эканомікі, якія высоўваліся ЕС, яны беларускім бокам не выкананыя. Паколькі не выкананы эканамічныя ўмовы, то зараз выконваць палітычныя ў поўным аб’еме няма сэнсу. МВФ усё роўна зараз крэдытаў не дасць.

Паступова, праз вызваленне палітвязняў, праз уцягванне ў дыялог, складзецца сітуацыя, калі ў Беларусі зноў з’явяцца лабісты ў Еўропе. З’явіцца гэта лобі і яно ў нейкай форме пралабіруе крыдытаванне Беларусі, бо ёсць моцная пагроза паглынання нашай краіны Расіяй. У вялікай ступені, гэта проста рытарычная пагроза, але такая небяспека падаецца еўрапейцам рэальнай. І таму праз пэўны час, калі сітуацыя ў Беларусі будзе пагражаць поўным калапсам, я падазраю, што крэдыты і інвестыцыі будуць прадастаўлены, магчыма, пад большыя палітычныя ўмовы, але гэта непазбежна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі