Чавусаў: Пагроза санкцыяў дзейнічае так сама, як і ўласна санкцыі

Еўрарадыё: Ці падаюцца вам гэтыя санкцыі адэкватнымі?

Чавусаў: Збольшага я б ацаніў уплыў санкцыяў як іміджавы. Безумоўна, гэта шкодна для рэжыму. Але шкода вынікае не наўпрост з таго, што яны не могуць паехаць на адпачынак у Парыж, як спн.Ярмошына. Шкода вынікае з таго, што краіна атрымліваецца афіцыйна апошняй дыктатурай, у дачыненні да якой Еўразвяз ужывае санкцыі. Адпаведна, наступствы ў эканамічнай сферы, у сферы інвестыцыяў будуць.

Еўрарадыё: На што і як гэтыя санкцыі могуць паўплываць?

Чавусаў: Уплыў санкцыяў у кірунку змянення палітычнага рэжыму я ацэньваю як мінімальны, нават як адмоўны. Змены ў Беларусі, калі яны настануць, будуць не вынікам санкцыяў, а вынікам унутраных працэсаў, дзеянняў з боку беларускага грамадства. Што датычыць значэння тых санкцыяў, якія будуць прынятыя сёння, то яны, паўтаруся, маюць характар іміджавы, сведчаць, што з пункту гледжання Еўрасаюзу Беларусь праблемная краіна. І гэтыя санкцыі дэманструюць заклапочанасць Еўрасаюзу развіццём падзеяў у Беларусі. Канешне, абсалютна няслушна казаць, што санкцыі не ўплываюць увогуле — санкцыі ўплываюць, але юрыдычна правільна іх называць толькі абмежавальнымі мерамі. Тыя захады, якія прадпрымае Еўразвяз, — гэта захады ва ўмовах, калі ў Беларусі ёсць палітвязні. Беларускі рэжым распачаў гандаль палітвязнямі. І Еўразвяз у якасці адваротнага кроку мае свой козыр — санкцыі. І зараз перамовы паміж двума бакамі будуць адбывацца пры наяўнасці дзвюх групаў казыроў — спіс візавых абмежаванняў і спіс палітвязняў. Выключаеце кагось са спісу палітвязняў, вызваляеце — адпаведна, са спісу візавых абмежаванняў таксама нехта можа быць вызвалены. Гэта цынічна, але гэта міжнародная палітыка.

Еўрарадыё: Амаль такую ж сітуацыю мы бачылі пасля прэзідэнцкіх выбараў...

Чавусаў: Функцыянальна сітуацыя абсалютна ідэнтычная. Розніца толькі ў большым аб'ёме рэпрэсіяў, якія былі распачатыя беларускім рэжымам пасля гэтых выбараў. І розніца ў меншым узроўне энтузіязму ў еўрапейскіх структурах. Там ёсць усведамленне, што беларуская палітыка цынічная. Але выйсця з гэтага кола: рэпрэсіі, санкцыі, гандаль, лібералізацыя — Еўропа пакуль не бачыць.

Еўрарадыё: Ці вы з'яўляецеся прыхільнікам эканамічных санкцыяў?

Чавусаў: Трэба цвяроза ацэньваць уплывовасць санкцыяў. Яны, безумоўна, не ў інтарэсах кіруючай у Беларусі дыктатуры. Яны, безумоўна, будуць спрыяць большай арыентацыяй Мінску на стасункі з Расіяй. І ўжо зараз мы бачым, што Расія сябе больш вольна адчувае, выкручваючы рукі Лукашэнку па пытаннях энэрганосьбітаў у сітуацыі, калі ён ня можа звярнуцца да сваіх былых заходніх сяброў дзеля атрымання эканамічнай палёгкі. Санкцыі, калі яны сапраўды будуць шырокамаштабныя, то могуць паставіць пад пагрозу беларускі рэжым. Але яны паставяць пад пагрозу і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Усе астатнія санкцыі, калі яны будуць кропкавыя, сімвалічныя, яны могуць мець уплыў, але выключна як козыр у руках Еўразвязу, якім можна маніпуляваць, пагражаць. І у гэтым сэнсе пагроза санкцыяў па ўплывовасці роўная самім санкцыям.


Фота: Белсат

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі