Чавусаў: Мы арыентуем назіральнікаў самім змагацца за свае правы

Чавусаў: Мы арыентуем назіральнікаў самім змагацца за свае правы

Назіральнікі змогуць запісваць аўдыё і відэа толькі з дазволу выбарчых камісій. Гэта стала вядома з адказу старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, які атрымаў рух "За Свабоду" ў адказ на свой зварот. 

У межах праграмы "Кардыяграма" Еўрарадыё пагутарыла на гэтую тэму з палітолагам Юрыем Чавусавым, які распавёў, чаму, ён супраць зваротаў такога тыпу. 

Чаму, на вашу думку, звароты такога тыпу, могуць абмежаваць працу назіральнікаў падчас выбараў?

Я сапраўды думаю, што звароты падобнага тыпу — гэта не самы разумны крок. Мы заўжды арыентуем назіральнікаў самім змагацца за свае правы, самім трактаваць выбарчы кодэкс на сваю карысць. І, так бы мовіць, пашыраць прастору працоўнага дзеяння. Умоўна кажучы, назіральнік не павінен запытвацца ў старшыні, ці можна мне, напрыклад, пазваніць па тэлефоне ці сфатаграфаваць нешта, а павінен рабіць гэтыя ўчынкі. Справа ўжо старшыні — парушаць свабоды назіральніка ці не парушаць. У дадзеным выпадку мы маем адказ, які ў медыйнай сферы трактуецца цяпер, фактычна, як забарона рабіць фота- і відыёфіксацыю, а гэта дэзарыентуе назіральнкаў.

Распавядзіце, калі ласка, якая ўвогуле практыка ў Беларусі: да гэтага адказу ЦВК, хто і як вырашаў і вырашае ці можна карыстацца фота- і відэапрыладамі падчас назірання за выбарчым працэсам?

Я ўпэўнены, што гэты адказ у прававым сэнсе нічога не змяняе. Як і раней, назіральнікі будуць імкнуцца фіксаваць сітуацыю. Справа старшыні забараніць гэта ім, спаслаўшыся на тое што яны, маўляў, перашкаджаюць працы камісіі або не забараняць.

У адказе Цэнтрвыбаркама гаворыцца "Задавальненне просьбы назіральніка аб вядзенні фота-, відэаздымкі, а таксама аўдыёзапісу з'яўляецца правам, але не абавязкам выбарчай камісіі". Ці вы згодныя з такім адказам ЦВК?

Гэта даўняя спрэчка паміж назіральнікамі і старшынямі ўчастковых камісій. Назіральнікі кажуць, што ім можна ўсё, што непасрэдна не забаронена Выбарчым кодэксам, а старшыні камісій наадварот кіруюцца тым, што назіральнікі маюць тыя правы, якія прапісаныя ў Выбарчым кодэксе, але нічога звыш гэтага. Але ў Выбарчым кодэксе не прапісанае права назіральніка, напрыклад, весці падлік тых, хто прагаласаваў.
Але мы гэта імкнёмся рабіць. Таму я думаю, што назіральнікі, якія ў Беларусі доўга працуюць, яны ўсе роўна будуць імкнуцца рабіць сваю справу незалежна ад гэтага тлумачэння Ярмошынай.

На вашу думку, ці можа гэты зварот і адказ ЦВК наконт таго, што назіральнікі змогуць запісваць аўдыё і відэа толькі з дазволу выбарчых камісій, з’явіцца ў заканадаўстве як прапісаны пункт?

Не думаю. Гэта сітуатыўны адказ. Зрэшты, сама відыёфіксацыя вялікіх доказаў не дае, калі назіральнікі не прадпрымаюць таксама іншыя дзеянні.

ФОТА: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі