Чатырох афганскіх акцёраў-падлеткаў схаваюць у Эміратах

Амерыканская кінастудыя Paramount Pictures прафінансавала пераезд чатырох афганскіх акцёраў-падлеткаў у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Гэтыя дзеці зняліся ў фільме "The Kite Runner" ("Той, што бяжыць за
ветрам") - экранізацыі аднайменнага рамана Халеда Хосэйні,
амерыканскага пісьменніка, афганца па паходжанні, знятай Маркам
Фостэрам.

Галоўныя героі "The Kite Runner" - падлеткі Хасан і Амір.
Хасан, сын слугі бацькі Аміра, - хазарэец, гэта значыць прадстаўнік
беднага іранамоўнага племя мангольскага паходжання. Амір - дзіця з
заможнай сям'і пуштунаў, галоўнай народнасці Афганістана.

Пасля здымак
стужкі бацькі акцёраў папрасілі кінастудыю вывезці хлопчыкаў з краіны,
бо пракат фільма можа сур'ёзна пагражаць іх жыццю: карціна здольная
справакаваць не толькі негатыўную рэакцыю ў Афганістане, але і
міжэтнічныя сутыкненні.

У Paramount прынялі рашэнне вывезці іх усіх з
Кабула. Праўда, студыя зараз лічыць, што заняць у фільме з бюджэтам 18
мільёнаў долараў мясцовых акцёраў было памылкай.

Але крытыкі, якія
бачылі "The Kite Runner" да прэм'еры, аднадушна адзначаюць выбітныя
здольнасці двух галоўных акцёраў-падлеткаў, а самой карціне
прадказваюць вялікі поспех.

Фота: www.awardsdaily.com