Частка дэлегатаў будзе байкатаваць Кангрэс

25 траўня ў Магілёве адбыўся сход прадстаўнікоў мясцовых філіяў (гарадскіх і абласных) шэрагу дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. Яны заявілі пра рашэнне не ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які пройдзе ў Мінску 26-27 траўня. Сярод іншых, у сходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі гарадскіх і абласных арганізацый Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), гарадской філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У распаўсюджанай заяве актывісты адзначаюць адсутнасць яснай і зразумелай мэты Кангрэсу ды неадпрацаваны механізм вылучэння дэлегатаў. Паводле словаў кіраўніка гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віталя Макаранкі, прычынай дэмаршу магілёўцаў стала непрызнанне Мінскам паўнамоцтваў часткі дэлегатаў з Магілёўшчыны. Аднак колькі дэлегатаў паедзе ў Мінск, а колькі будзе Кангрэс байкатаваць, дакладна не ведае ніхто.
 
Тым часам, паводле інфармацыі Радыё Свабода, не паедзе на Кангрэс і частка дэлегатаў з Гродзеншчыны. Яны таксама маюць прэтэнзіі да мэтаў яго склікання і не згодныя з парадкам дня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі