Чаму Віку Мораз не пусцілі ў Італію

Еўрарадыё даведалася, што апякунка проста забыла дакументы дома У беларускі Вікі Мароз так і не атрымалася трапіць на вакацыі ў Італію. Пра сапсаваны адпачынак дзяўчынка даведалася толькі ў аэрапорце Гомеля.

Італьянская газета La Reppublica адразу зрэагавала на непрыезд Вікі, тым больш што нават мэр гораду Кагалета 2 жніўня збіраўся сустракаць дзяўчынку.

La Reppublica : “Віку Мароз і яе новую прыёмную сям’ю не пусцілі ў Італію. Яны засталіся з сабранымі валізамі і забраніраванымі квіткамі на самалёт. Іх прыпынілі ўлады Мінску. Спадарыня Васілеўская і Віка-Марыя, дзяўчынка, якая знаходзіцца ў яе на апекаванні вось ужо 10 месяцаў, не змаглі выехаць з Беларусі.

Дзяўчынцы, якая апынулася ў цэнтры канфлікту паміж Беларуссю і сям’ёй Джуста з Кагалета, было адмоўлена ў візе на выезд. “Мы не разумеем чаму, - кажа адвакат Каміла Дальчыні, - мы стэлефаноўваліся напярэдадні ўвечары, усё, падавалася, было добра, мы не думалі, што яны не могуць выехаць у Італію. Мы не разумее, што адбываецца”.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, што насамрэч перашкодзіла дзяўчынцы трапіць у Італію. Тым больш, што гэтай паездкі Віка даўно чакала. У траўні карэспандэнт Еўрарадыё ўжо размаўляў з апякункай Вікі Аленай Васілеўскай, якая была не супраць паездкі Вікі ў Італію і нават распавяла пра цёплыя адносіны Вікі з італьянскай сям’ёй:

“Мы не супраць. Канешне, тэлефануюць. Яна да іх вельмі прывязаная, і яны яе любяць”.

Спачатку Еўрарадыё паспрабавала зноўку датэлефанавацца да апякунскай сям’і Вікі Мароз. Аднак Алена Васілеўская адмовілася каментаваць падзеі. Усё, што атрымалася дазнацца, гэта тое, што акрамя іх, яшчэ былі людзі, у якіх так і не атрымалася паляцець у Італію:

“Былі людзі, якія яшчэ не трапілі. Усё. Я больш нічога казаць не буду”.

Такія словы не маглі не насцярожыць. Еўрарадыё адразу пачало тэлефанаваць па розных арганізацыях, каб дазнацца: чаму ж дзяўчынку не выпусцілі за мяжу? Але нідзе: ні ў Міністэрстве адукацыі, ні ва ўпраўленні адукацыі Мінскай вобласці – ніхто нічога не ведаў пра гэты выпадак.

А першы намеснік кіраўніка ўпраўлення Мікалай Кулеш дадаў, што сёння ніякіх забаронаў для выезду дзяўчынкі не існуе.

Але ж Еўрарадыё ўсё ж такі змагло дазнацца тлумачэнне адмовы ў прэс-службе Камітэта памежных войскаў.

Там нам паведамілі, што дзяўчынка з апякункай збіраліся вылецець з Гомелю. А прычыны таго, што ў іх так і не атрымалася трапіць на борт самалёта, аказаліся банальнымі:

“Калі дзіця выязджае за мяжу з бацькамі, то звычайна ў бацькоў у пашпарце афармляецца адпаведны запіс, што гэта іх дзіця. У апекуна, натуральна, такіх запісаў няма. Жанчына не мела дакументаў, якія б пацвярджалі, што яна з’яўляецца апякуном. Таму што дзіця можна вывезці толькі з дазволу бацькоў ці ў іх суправаджэнні.

У гэтым выпадку жанчыне проста было патрэбна мець апякунскія дакументы, што яна з’яўляецца апякункай. Гэта банальная сітуацыя, ніякіх абмежаванняў на выезд гэтай дзяўчынкі няма. Тут проста жанчына не падумала, што трэба мець дакументы, вось і ўсё”.

Паразмаўляць з самой Вікай у Еўрарадыё амаль не атрымалася. Усё, што мы змаглі ад яе пачуць:

“Мне сказалі, што не трэба нічога казаць”.

А вось калі дзяўчынка нарэшце зможа трапіць у госці да сваіх італьянскіх сяброў, у якіх, дарэчы, сёлета нарадзілася ўласнае дзіця, дазнацца так і не атрымалася.

Аднак сёння Еўрарадыё паразмаўляе з сям’ёй Джуста і даведаецца пра ўсё непасрэдна.

Фота: www.kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі