Чаму паспяховы бізнесмен страціў усё і запісаўся ў апазіцыю

1 жніўня 2013 года ў Беларусі з’явілася сістэма платных дарог. Кампанія “Белтол” панаставіла над буйнымі трасамі датчыкаў і пачала збіраць грошы за праезд з замежнікаў і грузавікоў. У выніку шмат хто з перавозчыкаў абвінаваціў кампанію ў збоях сістэмы і несправядлівых штрафах. Сумы даходзяць да 60 тысяч еўра, перамовы з Мінтрансам і Саўмінам цягнуцца паўгода. Мінскі перавозчык Сяргей Штода праштрафіўся на 10 тысяч еўра. Адчаяўшыся знайсці праўду, прыгразіў акцыяй пратэсту ля Дома ўрада. За дзень за яе пайшоў на сустрэчу да віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Дадому вярнуўся праз 15 сутак, якія правёў на Акрэсціна. Вярнуўся і вырашыў уступіць у АГП. А перад гэтым расказаў журналістам, чаму.

Здрадніцтва віцэ-прэм’ера

Мацюшэўскі, трэці чалавек у дзяржаве, асабіста мне зладзіў цёплы прыём. Запісаўся я на прыём на 4-га. Там па графіку так можна было. Потым неяк рэзка ўсё памянялі на 3 лютага. На 9 раніцы. Я прыходжу, спакойна, без праблем і эмоцый, пагаварыць. Мне там гавораць, што нечакана прыём перанесены. Мацюшэўскі з Кабяковым паляцеў у Маскву (насамрэч іх візіт абываўся 5-6 лютага - заўвага Еўрарадыё). А як выйшаў, то быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПа. Лічу, што па-здрадніцку. Так жа нармальныя людзі не робяць…

Рука КДБ

15 сутак далі. А я па тэлефоне нават не размаўляў тады, не лаяўся. Падышлі, паказалі дакументы я і пайшоў. АМАП. Прабачаліся, гаварылі, што ўсё разумеюць. Прасілі толькі прозвішчы не называць, са 120-й брыгады. Сказалі мне, што гэта ўсё Камітэт дзяржбяспекі. Прывезлі мяне ў Кастрычніцкі РАУС і прамым тэкстам сказалі, што гэта КДБ. Трэба закрыць, схаваць на суткі. Але нават яны не чакалі, што мне дадуць столькі, што 15. Суддзя адмаўляўся мяне асуджаць. Толькі ўвечары асудзілі. За суддзёй бегаў падпалкоўнік з Кастрычніцкага РУУС, з кабінета ў кабінет. Суддзя ўцякаў ад яго… Але асудзілі. Я ж прызнаў віну, сказаў, што адно слова было, што па тэлефоне вылаяўся. Прасіў прабачэння. Думаў, штраф дадуць. Там калі не прызнаешся, то ўдвая больш даюць. Але ўсё адно 15 сутак.

“Я не палітычны! Я нармальны!”

На Акрэсціна праблем не было. Супрацоўнікі карэктна сябе паводзілі. Адзінае што шапталіся паміж сабой, што я палітычны. А я, які я палітычны? Я нармальны грамадзянін. Там былі ў камеры і лтпэшнікі, і п’яніцы. Але я нармальны, ніякі не палітычны. А на мяне адразу ярлык прыляпілі. Ніякі я не палітычны. Я толькі адстойваю свае правы. У мяне сям’я, свае інтарэсы, нейкія крокі раблю, спрабую жыць — усё! У мяне поглядаў ніякіх няма. Я туды не лезу… Цяпер мне яшчэ і заплаціць за турму трэба — кожны дзень па 90 тысяч. 15 сутак — 1 мільён 350 тысяч. Я гэты рахунак Мацюшэўскаму аднясу. І пратакол суда таксама.

“Хацеў па-харошаму”

Каб мне сказалі адразу, што я нешта парушыў, я б заплаціў! Але ж не! Езджу паўгода, а потым спыняюць і гавораць — ты, аказваецца, парушальнік і маеш 140 актаў! Трэба ўносіць папраўкі ў пастанову Савета міністраў… Чаму пасля Новага года ўсе перавозчыкі пачалі варушыцца? Бо рахункі пачалі блакаваць! І ўлады памяняліся. Гэты Мацюшэўскі, Качанава — я думаў, што захочуць людзям пайсці насустрач, нешта зменіцца. А цяпер усё сарвалася, і ніхто не хоча тлумачыць, чаму. Кажуць, спрабуйце самі разабрацца. Ну вось мы і паспрабавалі. Я ж адкрыта хацеў. Не збіраў бутэлькі з бензінам. Я адкрыта сказаў — маё прозвішча такое, я працую вось там, жыву вось там. Я хачу пагаварыць. Прыйшоў, пагаварыў…

“Мяне падтрымаюць іншыя”

Пакуль не ведаю, што буду далей рабіць. У мяне выйсця няма. Яны ж заблакавалі мой рахунак. Я ўжо працаваць не магу. Беспрацоўны я. Рахунак рэальна ў “Белаграпрамбанку” заблакаваны. Машыны колам стаяць… Працы ў мяне няма. Буду хадзіць, трэсці іх. А што мне рабіць? Буду хадзіць. Людзі ж спадзяюцца, шмат такіх як я. З Оршы, Горак. У іх не атрымліваецца ездзіць кожны дзень. Буду хадзіць я. Не адступлю. Толькі што цяпер буду больш карэктна дзейнічаць. Я спрабаваў адкрыта дзейнічаць — з мяне такога парушальніка зрабілі. Цяпер буду па-іншаму… Іншыя перавозчыкі мяне падтрымаюць. І 4-га падтрымалі б. Проста сігналу для акцыі не было. Усе дзейнічалі па інструкцыі.

Па словах Сяргея Штоды, перавозчыкі па-ранейшаму настроеныя рашуча. Агульную суму штрафаў, якія яны павінныя сплаціць дзяржаве, нельга ацаніць нават прыблізна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі