Чаму медыкі і настаўнікі атрымалі меншы заробак?

У аддзелах эканомікі сцвярджаюць, што аклады не змяніліся, але прэміі і надбаўкі некаторым лекарам і выкладчыкам давялося зменшыць На скрыню Еўрарадыё прыйшоў ліст са скаргай ад ананімных настаўнікаў: “Зменшыўся заробак!!!”

І калі мы пачалі правяраць інфармацыю, то высветлілася, што сталічныя настаўнікі ў летнія месяцы згубілі істотныя для сябе грошы.
 
“Плюс да акладу, плюс да прэміі даюць яшчэ “паўлаўскія”. Гэта тысячаў сто, — тлумачыць настаўніца рытмікі з Першамайскага раёна Вольга Віктараўна. —  І калі аклад застаўся такі самы, то “паўлаўскія” летам знялі”.

Настаўнікі чакаюць, што ўвосень сталічную надбаўку вернуць, але баяцца — раз са сваёй пасады знялі мэра Паўлава, то і “паўлаўскія” ў час крызісу могуць знікнуць. Але і без таго фінансавы ўдар па настаўніках неслабы — нават сто лішнія тысячы у цяжкія часы на вагу каштоўных металаў.   
 
Зменшыліся летнія заробкі і ў лекараў.
 
“Адзінае нараканне ў тым, што ўвесну ці ўзімку прэмія большая. А зараз яна малаватая — каля 20 працэнтаў”, — тлумачыць Ірына Шувалава, эканаміст мінскай паліклінікі №19.

Але начальства абяцае, што ўвосень былыя заробкі адновяцца, бо прэміі зноў павысяцца да 30-35%. А чуткі пра паніжэнне заробкаў Ірына Шувалава абвяргае.

Ірына Шувалава: “Гэтыя чуткі ходзяць з Новага года. Чаго толькі не прыдумвалі. Спачатку тое, што заробак знізяць на 20%, потым — што скароціцца працоўны дзень, і, адпаведна, знізяцца заробкі. Але нікому заробак не знізілі. Наадварот, вяліся размовы пра тое, каб падняць на 8%”.

У сярэднім беларускі ўрач з паліклінікі, паводле дадзеных эканамістаў з аддзелаў аховы здароўя, мае больш за мільён. А ўчастковыя лекары маюць і паўтары мільёны — праўда, пры ўмове вялікага стажу. Маладыя ж урачы добра калі ў лепшыя месяцы зарабляюць свае 700 тысяч.

Тым не менш Ірына Шувалава сцвярджае, што медыкам увесь час павышаюць заробкі з дапамогай прэміяў. Асабліва на гэтым зарабляюць лекары дэфіцытных для паліклінік спецыяльнасцяў. Надбавачныя прэміі выплачваюцца са спецыяльнага фонду.

“А ў некаторых паліклініках, наадварот, доўга не могуць укамплектаваць нейкую пасаду. І гэтыя пасады падлягаюць прэміі, якая выплачваецца ад трох месяцаў да паўгода, — працягвае Ірына Шувалава. — Участковай службе далі надбаўку ў 40%, а некаторыя атрымоўваюць усе 70%, калі пасада была неўкамплектаваная. Такім чынам раздаецца гэты надбавачны фонд”.

Але эканамістаў папярэдзілі, што з-за цяжкага фінансавага становішча ў краіне надбавачны фонд у паліклініках могуць ліквідаваць.  

Ірына Шувалава
: “Размова вядзецца пра тое, што, магчыма, надбавачны фонд не будзе фінансавацца. Але гэта не быў загад — усяго толькі ліст, які паведамляў пра такую магчымасць”.

У раённых аддзелах аховы здароўя і адукацыі сцвярджаюць, што фактычна заробак лекараў і настаўнікаў не зменшыўся. 

“Не, заробак не памяншалі. Як павысілася стаўка першага разраду са снежня, такой яна і застаецца. Ніхто яе не змяншаў”, — паведамляе намеснік галоўнага эканаміста аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Лідзія Паўлюковіч

Калі вы даведаецеся пра выпадкі памяншэння акладаў дзяржаўным службоўцам, пішыце на скрыню Еўрарадыё [email protected]

Фота bymedia.net