Вы тут

Чаму кампрамат на экс-банкіра чакаў з 2016 года? Тлумачыць Сяргей Чалы

Сяргей Чалы / Марыя Вайтовіч​

12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што кампрамат на яго саперніка па прэзідэнцкіх выбарах Віктара Бабарыку ў беларускіх уладаў ёсць з 2016 года. Маўляў, былі зроблены запыты за мяжу і адказы былі атрыманы толькі ў снежні 2019-га.

Але хіба ў Беларусі заўсёды адбываецца не наадварот? Бізнесмена спачатку затрымліваюць, і ўжо ў СІЗА ён некалькі месяцаў чакае, пакуль праходзяць следчыя дзеянні. Так у 2015 годзе было з Віктарам Пракапенем, у 2017 годзе — з Аляксандрам Кныровічам, ды і з многімі іншымі — тое самае. Калі ва ўладаў і праўда быў кампрамат на банкіра, чаго яны чакалі з 2016 года? Ды і са снежня 2019-га ўжо паўгода прайшло.

Пра гэта мы вырашылі спытаць незалежнага аналітыка Сяргея Чалага — шматгадовага аўтара і вядучага праграмы "Эканоміка на пальцах", у якой абмяркоўваліся ўсе гучныя затрыманні бізнесменаў.

"Мяне тут нічога не здзіўляе. Папраўдзе эканамічныя справы, як правіла, доўга ідуць. Любая гучная справа падніміце — там будзе абавязкова гэтая ж фраза "мы сачылі за ім", — каментуе Сяргей Чалы. — Вось справу Уцюрына нават разгарніце, зусім нядаўнюю. Там будуць тыя ж самыя словы. "Мы там некалькі гадоў..." і гэтак далей, і гэтак далей. Гэта робіцца проста дзеля патрэбнага моманту, гэта традыцыйная сітуацыя.

Я не хачу гаварыць пра Бабарыку, я думаю, тут якраз сітуацыя цалкам відавочная для ўсіх. Гэта відавочна палітычны пераслед, ніякага дачынення да фінансаў ён не мае. А наконт іншых выпадкаў — там проста сістэма працуе такім чынам, што кожны за кожным сочыць з ведамстваў і вельмі часта ўсё залежыць ад таго, хто першым прынёс папачку ці каму там удалося "дабрацца да цела".

А тут усё зразумела выдатна. Як бы ён ні казаў, што гэта не накат. Двума сказамі вышэй: "На маё даручэнне банк правяраюць". Пра што тут гаварыць? Адзін кандыдат у прэзідэнты выкарыстоўвае свае паўнамоцтвы для таго, каб аказваць ціск на другога кандыдата ў прэзідэнты".

11 чэрвеня ў офісе Белгазпрамбанка, які да траўня 2020 года ўзначальваў Віктар Бабарыка, прайшлі ператрусы. Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў крымінальную справу за нявыплату падаткаў. Віктар Бабарыка працэсуальнага статусу па справе не мае.

Вобшукі ў “Белгазпрамбанку” ужо пацягнулі негатыўныя сацыяльныя наступствы. Банк больш не праводзіць плацяжы для дабрачыннага сервіса "МолаМола". Заснавальнік "МолаМола" — Эдуард Бабарыка, сын  Віктара Бабарыкі. На "МолаМола" было адкрыта больш за 70 збораў сродкаў для беларускіх лякарняў, звязаных з COVID-19.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.