Чаму Беларусь купляе газ па 119$ долараў, а прадае насельніцтву па 214$?

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, куды ідуць 95 долараў розніцы, аднак чыноўнікі ад каментароў адмаўляюцца

З 1 студзеня пастановай Саўміна насельніцтва пачынае плаціць за газ у два разы больш. Калі ў снежні кубаметр газу каштаваў 242 рублі, то зараз за газ давядзецца плаціць 462 рублі.

Еўрарадыё падлічыла, як гэта адаб’ецца на сямейным бюджэце. Месяц таму сям’я з трох чалавек за месяц плаціла 3,6 тысячы рублёў (у сярэднім “набягала” 15 кубаметраў газу па лічыльніку). Зараз з кішэні давядзецца дастаць 6,9 тысяч, альбо на 3 тысячы больш. Яшчэ больш прайграюць тыя, у каго няма газавых лічыльнікаў. Бо плата за газ на кожнага члена сям’і узнялася з 1936 рублёў да 3696 рублёў. У снежні сям’я з трох чалавек плаціла за газ 5808 рублёў, а сёння — ажно 11 тысяч!!! Розніца - у 5 тысяч! І чым больш людзей прапісана ў кватэры, тым больш трэба плаціць за газ.

Але гэта яшчэ што! Калі падлічыць, па якім кошце мы з вамі плацім за газ, атрымаецца сапраўды сусветная цана — 214 долараў за тысячу кубоў! Гэта дзіўна, таму што краіна купляе расійскі газ па 119 долараў і змагаецца за кожны крытычны долар. А свайму насельніцтву выставіла на 95 долараў болей!

Дарэчы, у мінулым годзе, па звестках Міністэрства жыллёвай гаспадаркі, насельніцтва аплачвала газ у “жыроўках” на 100%. І абыходзілася гэта яму ў 112 долараў. Розніца паміж цаной “Газпрома” — толькі 12$. Цяпер расійскі газ для Беларусі падаражэў на 20%, а для насельніцтва ўнутры краіны — амаль у 8 (!) разоў. Еўрарадыё вырашыла высветліць, чаму атрымліваецца такая вялікая разбежка, але ад каментароў адмовіліся ўсе чыноўнікі, да якіх мы датэлефанаваліся.

Савет Міністраў: Мы не даем ніякіх адказаў. Прабачце.
Міністэрства энэргетыкі: Мы нічым вам не дапаможам. Гэта Пастанова Саўміна, хай яны яе і афішуюць.
Міністэрства эканомікі: У нас няма гэтай Пастановы.

Растлумачыць, чаму дзяржава купляе газ па адной цане, а прадае яго ў два разы даражэй, Еўрарадыё папрасіла эканаміста Алену Ракаву.

Алена Ракава: “Белтрансгаз” плаціць падаткі, потым “Белтрансгаз” прадае газ “Белтопгазу”. “Белтопгаз” таксама мае выдаткі. Таму што трэба абслугоўваць усе трубаправоды, ён плаціць падаткі. Яшчэ субсідуецца звадкаваны газ за кошт прыроднага. Гэта вельмі складаная і заблытаная схема.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць у “Белтрансгазу”, па якой цане ён прадае газ “Белтопгазу” пасля выплаты ўсіх падаткаў і транспартавання. Гэта выявілася сакрэтнай інфармацыяй.

Прэс-служба Белтрансгазу: Гэта камерцыйная таямніца.

Цікава, што ў траўні мінулага года віцэ-прэм’ер урада Уладзімір Сямашка зазначаў, што паводле дамовы паміж “Белтрансгазам” і “Газпромам” з 2008 года ўнутраная аптовая нацэнка “Белтрансгазу” павінна была скласці толькі 8 долараў.

У “Белтопгазе” Еўрарадыё пацвердзілі: цана на газ гэтым разам вырасла на 99,9%, але пры гэтым зазначылі, што цяпер урад паклапаціўся пра насельніцтва, таму прадугледзеў некалькі пазіцый, па якіх прыйдзецца аплочваць паслугу. Вось як выяўляецца клопат чыноўнікаў: зараз будуць улічваць наяўнасць газавай пліты, калонкі, цэнтральнае ацяпленне. Супрацоўніца “Белтопгазу” кажа Еўрарадыё, што гэта павінна зменшыць абурэнне людзей.

Супрацоўніца “Белтопгазу”: Цэнтральнае ацяпленне дзеліцца на дзве катэгорыі: адны будуць плаціць 462 рублі (тыя, у каго толькі пліта і цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне), а тыя, у каго ёсць калонка, атрымліваецца, што ў іх газу болей, і яны ўжо будуць плаціць 376 рублёў. Бачыце, клопат пра насельніцтва навідавоку, а напісалі ўсё наадварот.
Еўрарадыё: Дык гэта ж не мы прыдумалі такія лічбы. І ў чым вы тут бачыце клопат пра насельніцтва?
Супрацоўніца “Белтопгазу”: Проста тым, хто спажывае газ болей, гэта будзе не так балюча. На які працэнт цэны падымаюць — гэта пытанне не да нас. Я вам тлумачу, што як маглі, так нагрузку паменшылі.

Адным словам, звычайная сям’я дапамагае аплочваць газ яшчэ і тым, хто ацяпляе свае хаты, катэджы. Эканаміст Алена Ракава кажа Еўрарадыё, што розніца ў 95$ паміж закупкай газу і яго продажам насельніцтву нармальна для еўрапейскай краіны (дзе прыбыткі людзей нашмат большыя), а для Беларусі такі скачок істотны.

“Нават у самыя складаныя часы мы не аглушалі насельніцтва разавым павышэннем кошту. Мы павінны абараніць свае насельніцтва, сваю эканоміку, сваіх спажыўцоў газу. Калі трэба нешта саступіць, то не інтарэсы людзей — яны у нас не такія заможныя. Давайце шукаць выйсце”, — казаў прэзідэнт на нарадзе па пытаннях фармавання тарыфаў для насельніцтва на прыродны газ у студзені 2005 года…

Дарэчы, ніхто з чыноўнікаў не рызыкнуў даць нам 100% гарантыі, што гэта апошняе павелічэнне кошту на газ у гэтым годзе…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі