Вы тут

Чаго пісьменнік Горват хоча ад міністра Макея? Незразумела

Андрэй Горват / Фота з яго акаўнту на Фэйсбуку

Пісьменнік Андрэй Горват напісаў адкрыты ліст міністру замежных спраў Уладзіміру Макею. Нагодай для звароту сталі нядаўна знойдзеныя ў Вільні парэшткі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага ды іншых удзельнікаў паўстання 1863-1864 года. 

"Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, не так даўно вы прызналіся ў інтэрв’ю, што прачыталі маю кнігу. То ў мяне ёсць надзея думаць, што зможаце пачуць і зразумець мяне зараз", — пачынае свой ліст пісьменнік.

Горват звяртае ўвагу, што з боку афіцыйнага Мінска да віленскай знаходкі не было выказана ні кроплі цікавасці.

"Маю да вас просьбу: зрабіце, калі ласка, вашу работу і на годным узроўні прадстаўце мае інтарэсы за межамі Беларусі. А таксама інтарэсы вялікай колькасці беларусаў, для якіх постаць Кастуся Каліноўскага — гераічная", — выказвае сваю просьбу Горват. 

Праўда, ён не ўдакладняе, якая менавіта праца мусіць быць выкананая і якім менавіта чынам Уладзімір Макей можа прадставіць інтарэсы беларусаў у гэтай сітуацыі. 

Знойдзеныя нядаўна парэшткі ўдзельнікаў паўстання будуць перапахаваныя на могілках Росу ў Вільні.