Вы тут

Цеплавізары і дыстанцыяванне: што чакае дзіця ў летнім лагеры

Дзецям у лагерах будуць па некалькі разоў на дзень мераць тэмпературу / Reuters

Пачаліся летнія канікулы — той самы час, калі бацькі адпраўляюць школьнікаў на пару месяцаў "да бабулі" або на пару тыдняў — у аздараўленчы лагер. І калі ад першага цалкам канкрэтна перасцерагалі медыкі — маўляў, зносіны з пажылымі сваякамі з групы рызыкі па каранавірусе могуць нашкодзіць іх здароўю, — то наконт летніх лагераў ніякіх асаблівых рэкамендацый няма. Мінадукацыі разлічвае, што, нягледзячы на пандэмію каранавіруснай інфекцыі, там сёлета адпачнуць каля 200 тысяч дзяцей.

А што наконт гэтага думаюць бацькі? Ці збіла пандэмія попыт на пуцёўкі? І як зменіцца калектыўнае аздараўленне беларускіх дзяцей ва ўмовах, калі па колькасці выяўленых выпадкаў COVID-19 Беларусь стала адным з еўрапейскіх лідараў? 

"Зубронак": каб забяспечыць дыстанцыяванне, прынялі на 400 дзяцей менш

Мінадукацыі перанесла пачатак першай летняй змены ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем на 15 чэрвеня. Колькасць змен такім чынам скарачаецца з пяці да трох-чатырох за лета.

Школьныя лагеры пачалі працаваць з 1 чэрвеня.

Нацыянальны дзіцячы цэнтр "Зубронак", дзе дзеці адпачываюць круглы год, ужо адкрыў першую летнюю змену — 27 траўня. Спецыяліст НДЦ па сувязях з грамадскасцю Анастасія Цэрковіч расказвае Еўрарадыё, што цяпер там адпачывае на 400 дзяцей менш, чым звычайна: 850 замест звыклых 1250. Але звязана гэта не са зніжэннем попыту, а з уведзенымі мерамі па папярэджванні распаўсюджвання COVID-19:

— Мы самі вырашылі паменшыць колькасць выхаванцаў, якія адпачываюць, у змене. На наступныя змены заявак больш, чым на першую, але яны яшчэ будуць удакладняцца.

НДЦ "Зубраня" / mlyn.by

"Зубронак" абяцае медыцынскае абследаванне дзяцей да прыезду і рэгулярныя ўрачэбныя агляды супрацоўнікаў і дзяцей у працэсе адпачынку, дэзынфекцыю памяшканняў, падзел патокаў і асобныя ўваходы для кожнага з атрадаў у сталовыя. На агульныя мерапрыемствы могуць збірацца не больш за 75 дзяцей, а наведванне бацькоў забаронена.

Гэтыя меры цалкам адпавядаюць "Часовым метадычным рэкамендацыям па прафілактыцы заносу і распаўсюджвання COVID-19", якія распрацавалі Мінздароўя і Мінадукацыі. Яны прадпісваюць "забяспечыць магчымае максімальнае раз'яднанне дзяцей пры пражыванні, арганізацыі дзённага сну, харчавання, арганізацыі атрадных і іншых мерапрыемстваў".

Адмены і пераносы

Усё зусім па-іншаму ў лінгвістычных лагерах Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Выкладаць замежныя мовы сюды звычайна прыязджаюць валанцёры з-за мяжы. Сёлета арганізаваць такі абмен паміж краінамі пакуль што складана. У адміністрацыі БелАЮ Еўрарадыё расказваюць, што праз эпідэміялагічную сітуацыю было вырашана адмяніць усе змены:

— Што да лагера ў Беларусі, змены ўжо дакладна адмененыя. Можа быць, у жніўні нашы дзеці змогуць паехаць у наш лінгвістычны лагер на тэрыторыі Польшчы. Але гэта залежыць ад таго, ці адкрыюць межы.

 

Летні лагер / sb.by

Пераносіць на 4 ліпеня пачатак першай змены дзіцячы лагер міжкультурных зносін Fantasy Camp пад Радашковічамі. Староннім, уключаючы бацькоў, прыязджаць падчас змены забароняць, а тэмпературу дзяцей будуць кантраляваць з дапамогай цеплавізараў.

— Дэзынфекцыя памяшканняў, праветрыванне пакояў, гульнявых, пастаянны кантроль за мыццём рук даручаецца спецыяльна прынятаму на гэту пасаду супрацоўніку, — расказваюць пра папераджальныя меры ў лагеры. — Мерапрыемствы па гутарковай англійскай мове таксама падкарэктаваныя. Мы запрашаем у лагер замежных студэнтаў, якія пражываюць у Мінску і навучаюцца ў беларускіх ВНУ. Гэтыя валанцёры нікуды з Беларусі не выязджалі за ўвесь перыяд пандэміі.

— А ці знізіўся попыт на пуцёўкі?

— Мы б не сказалі, 70-80% бацькоў — нашы пастаянныя кліенты. Купля пуцёвак ужо пачалася. Адзінае: калі раней усе гэтыя пытанні вырашаліся за паўгода, то цяпер сітуацыя нестабільная, пачатак змены пераносіцца ўжо не першы раз.​

15 чэрвеня стартуе першая змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Палітэхнік" на тэрыторыі студэнцкага санаторыя БНТУ. Там таксама абяцаюць "гарантаваць бяспечнае і камфортнае знаходжанне дзяцей". Адміністрацыя разглядае забарону на наведванне лагера староннімі. Мабільнымі тэлефонамі, дарэчы, у лагеры карыстацца нельга, сувязь з роднымі дзеці змогуць падтрымліваць толькі праз важатага.

Што думаюць бацькі?

Вольга, мама дзесяцігадовага Вадзіма, была настроена адправіць сына ў лагер "Ізумрудны" ў Глыбоцкім раёне. Але няпростая сітуацыя з COVID-19 у Беларусі змяніла яе рашэнне.

— У пачатку вясны я спадзявалася, што пандэмія пойдзе на спад і я змагу ўпершыню адправіць сына ў дзіцячы лагер. Але цяпер адназначна вырашыла, што не час для гэтага. Сын нават не вучыўся апошнюю чвэрць вочна — толькі прыходзіў здаваць экзамены. Пра які лагер можа ісці гаворка?

Хоць сярод бацькоў думкі розныя. Усё залежыць ад стаўлення да пандэміі. Ведаю тых, хто нічога не баіцца і аддае дзіця і ў школьны лагер, і ў летні, — дзеліцца Вольга.

У час пандэміі ў Беларусі / Reuters

Яе думку падзяляе мінчанка Кацярына Аўдзеева. Яе сын 4 гады запар ездзіў на адпачынак у лагер "Зубраня" (МАЗ), размешчаны недалёка ад Нацыянальнага аэрапорта Мінск, але гэтым летам застанецца дома.

— Сёлета я яго не адпраўлю менавіта праз сітуацыю з каранавірусам. Ніхто не дасць стаадсоткавай гарантыі, што там усе будуць здаровыя. У школьны лагер сын таксама не пойдзе. У нашай школе былі пацверджаныя выпадкі COVID-19. З сярэдзіны сакавіка маё дзіця не наведвала заняткі, — расказвае Кацярына. — Сын сумуе па сябрах, камунікуе з імі па інтэрнэце. У такой самаізаляцыі стаў больш чытаць, заняўся робататэхнікай, аддаў больш часу асноўным прадметам па школьнай праграме.

Не пабаялася адправіць свайго адзінаццацігадовага сына ў школьны лагер мінчанка Хрысціна. Па яе словах, нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам, дзяцей у школе шмат, "усе месцы забітыя":

— Каля 25 дзяцей назірала сёння. Усё працуе, як і раней. Толькі адмянілі мерапрыемствы: цяпер дзеці не ходзяць у кіно, тэатры, паркі. І бацькоў далей за парог не пускаюць.

Летні сезон у лагерах будзе доўжыцца да 31 жніўня. На аздараўленне дзяцей выдзелена больш за 50 млн рублёў з рэспубліканскага бюджэту. За гэтыя сродкі аплачваецца прыкладна 40% кошту пуцёўкі ў лагер. Для бацькоў цана ў сярэднім складае 490 рублёў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.