Вы тут

Экс-сілавікі назвалі імёны выкрадальнікаў Марыі Калеснікавай

Марыя Калеснікава / Еўрарадыё

Ініцыятыва, якую складаюць былыя беларускія сілавікі, апублікавала вялікае даследаванне пра такую структуру МУС, як ГУБАЗіК — Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Паводле гэтага даследавання, менавіта супрацоўнікі ГУБАЗіК удзельнічалі ў выкраданні Марыі Калеснікавай.

Калеснікаву выкралі 7 верасня ў цэнтры Мінска. Невядомыя ў масках пасадзілі яе ў мікрааўтобус з надпісам "Сувязь" і вывезлі ў невядомым кірунку. 

Экс-сілавікі заяўляюць, што ўсе выкрадальнікі працуюць у другім упраўленні ГУБАЗіК. Гэта:

— старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах першага аддзела другога ўпраўлення падпалкоўнік міліцыі Валянцін К.;

— старшы оперупаўнаважаны трэцяга аддзела другога ўпраўлення падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Л.;

— намеснік начальніка чацвёртага аддзела другога ўпраўлення палкоўнік міліцыі Уладзімір В.;

— старшы оперупаўнаважаны першага аддзелау другога ўпраўлення маёр міліцыі Алег Б.

Кіраваў аперацыяй па выкраданні Калеснікавай, як кажуць у ініцыятыве былых сілавікоў, тагачасны начальнік ГУБАЗіК палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў (цяпер ён стаў намеснікам міністра ўнутарных спраў).

Усе супрацоўнікі атрымалі за аперацыю дзяржаўныя ўзнагароды.

Пасля выкрадання Калеснікаву спрабавалі вывезці ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт. Пасля гэтага яе вярнулі ў Мінск і ўзялі пад варту. Яна праходзіць па "справе Каардынацыйнай рады" як падазраваная ў "спробе захопу ўлады".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.