Былыя ўдзельнікі “Еўрабачання” распавялі, чаму Ланская трапіла ў фінал

На думку першых беларускіх прадстаўнікоў на “Еўрабачанні”, дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, конкурс палітызаваны, усе звычайна галасуюць за сваіх суседзяў. Таму ў фінал не трапілі.

“Упершыню ў наш год быў уведзены паўфінал конкурсу, ― узгадвае Канстанцін. ― І ў наш дзень не было ні Расіі, ні Украіны, ні Польшчы, якія маглі за нас прагаласаваць… А сёлета 5-6 краін з постсавецкага лагеру былі, таму, відавочна прасцей было прайсці. І ў дадатак — у першым паўфінале не было моцных канкурэнтаў. А ў фінале і хіты будуць, і нумары”.

Прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні-2008Руслан Аляхно лічыць, што шмат чаго залежыць ад… удачы: “усе ўдзельнікі рупліва рыхтуюцца, усе працуюць, а далей ужо — як карты лягуць”.

“Гэта як за абедам: камусьці солі не хапае, камусьці перцу, ― адмаўляецца параўноўваць свой выступ і нумар Алёны Ланской Анжаліка Агурбаш. ― Усё абсалютна індывідуальна. Праца зробленая, нумар ёсць, песню ацанілі і журы, і публіка ― гэта вынік. Беларусь у фінале, а больш нічога і не трэба!”

І ўвогуле, Анжаліка не цікавіцца “Еўрабачаннем”, на гэта ўжо не хапае часу, таму і экспертам сябе лічыць не можа.

Пётр Ялфімаў таксама не бачыў сёлетняга паўфіналу, хутчэй за ўсё, ўласныя канцэрты не дазволяць паглядзець і фінал, але жаданне такое ўзнікала.

“Хацелася, каб яна была больш упэўненая, больш раскаваная, ― каментуе выступ Алёны Ланской прадстаўніца Беларусі 2006 года Паліна Смолава. ― Я разумею, як гэта складана на такім буйным конкурсе, але ў паўфінале ёй гэтага не хапала. А так, усё было добра: і прыгожая сукенка, і яна добра выглядае, і песня запамінаецца!”

Паліна прызнаецца, што цяпер рыхтавалася б да конкурсу па-іншаму, узяла б іншую песню, нумар іншы быў бы… Але гэта нармальна, бо час ідзе, усё пераасэнсоўваецца, змяняюцца густы і магчымасці. Смолава верыць, што ў яе “яшчэ будзе шанец паказаць назапашаны досвед на сцэне “Еўрабачання.

“Мы рыхтаваліся месяц, а Алёна яшчэ ў першы раз была маральна гатовая, ― разважае прадстаўніца краіны ў 2011-м годзе Анастасія Віннікава. ― Яна ездзіла ў Баку разам з Litesound і ўжо ведала, што яе чакае. Плюс — у Алёны быў прома-тур, і кожная дробязь была прадуманая, а гэта пытанне часу, грошай ды… каманды. З Алёнай працуе міжнародная каманда, якая ўжо не адзін год працуе на “Еўрабачанні” і ведае ўсе ўнутраныя рэчы. А ў нас быў цалкам беларускі прадукт: песня, аранжыроўка, каманда…”

Анастасія не шкадуе і не зайздросціць, маўляў, якая розніца, хто выступае, — гэта ж прадстаўніцтва краіны. І балее яна не за Алёну, а менавіта за Беларусь. Праўда, у прагнозах спявачкі на тройку лідараў ― Украіна, Расія і Данія. Беларусь ставіць дзесьці ў першай дзясятцы.

Гурт Litesound больш не давярае конкурсу “Еўрабачанне”, лічыць яго неаб’ектыўным, а таму і ў паўфінальным выніку Алёны Ланской сумняваецца.

“Мне падаецца, паўплываў высокі бюджэт, ― з усмешкай кажа Зміцер Каракін. ― Проста кажучы, набылі ёй месца. Назіраючы летась за ўсім знутры, нумары, якія падабаюцца людзям паводле водгукаў у тым жа інтэрнэце, як правіла, застаюцца ў паўфіналах. А ў фінал выходзяць незразумелыя людзі. Плюс — я згадаў, як мы спрабавалі змяніць аранжыроўку песні, якая нікому не падабалася. У нас нічога не атрымалася, а вось Алёне, пры ўсёй павазе дазволілі спяваць песню 2008-а года. Гэтыя двайныя стандарты і прыводзяць да пэўнай высновы”.

Нагадаем, днямі Алёна Ланская выйшла ў фінал “Еўрабачання-2013” разам з прадстаўнікамі Малдовы, Літвы, Ірландыі, Эстоніі, Даніі, Расіі, Бельгіі, Украіны ды Нідэрландаў.

Фота: EPA/ИТАР-ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі