Былы спецназавец вучыць моладзь вайсковай справе і гісторыі па-беларуску

Ужо больш за восем гадоў у Бабруйску існуе вайскова-патрыятычны гурт пад назвай “Патрыёт”, зарэгістраваны пры аддзеле адукацыі Ленінскага раёна. Некалькі дзясяткаў маладых хлапцоў і дзяўчат збіраюцца два разы на тыдзень, займаюцца фізічнай падрыхтоўкай і вучаць гісторыю Беларусі. Удзел цалкам дабраахвотны, але прыхільнікаў і сяброў у суполкі шмат.

Кіруе гуртом супрацоўнік Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна Бабруйска Мікалай Міхалькоў (на здымку). За савецкім часам ён служыў у найлепшай дэсантнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння.  У Дзень абаронцаў Айчыны ён адказаў на пытанні Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Спадар Мікалай, што ўяўляе з сябе гурт “Патрыёт”?

М. Міхалькоў: Па-першае, асноўны сэнс — патрыятычнае выхаванне нашай беларускай моладзі. Сюды ўваходзіць вывучэнне гісторыі Беларусі з ранняга сярэднявечча да сучаснасці, фізічнае выхаванне. Пры гэтым я ўпэўнены, што калі чалавек толькі моцны фізічна, але ён не мае ў душы і сэрцы нічога наконт сваёй краіны, то гэта проста жаўнер, які сёння будзе працаваць на карысць Беларусі, а заўтра — на карысць любой іншай краіны. Патрыятызму ў яго можа папросту не быць! А вось менавіта ўхіл на гісторыю, на культурніцкую дзейнасць, на вывучэнне роднай мовы і павагу да яе — гэта і ёсць той самы патрыятызм. Безумоўна, мы вывучаем вайсковы статут, зброю.

Асабіста я шмат бяру добрага з савецкіх часоў. Гэта марш-кідкі на розныя дыстанцыі, выхады на прыроду, такія гульні як “Зарніца” і падобныя.

Еўрарадыё: Скажыце, колькі навучэнцаў стала займаецца ў гурце?

М. Міхалькоў: Кожны год стала займаюцца ў нас каля 40-45 чалавек. Яны разбітыя на некалькі групаў, у кожнай з якіх 15-20 чалавек.

Еўрарадыё: Вядома, што вайсковая справа — больш мужчынская справа. А я бачу, што ў гурце ёсць дзяўчаты…

М. Міхалькоў: Вось у гэтым годзе іх шмат — недзе каля 30%.

Еўрарадыё: Як складаецца далейшы лёс выхаванцаў? Ці сочыце Вы за гэтым?

М. Міхалькоў: Штогод ад 2 да 5 хлапцоў трапляюць у Вайсковую акадэмію Беларусі. І нават дзяўчаты! Многія жадаюць стаць гісторыкамі, вывучаць беларускую мову… Сувязяў мы ніколі не губляем. Кожны мае тэлефон і як мінімум раз на месяц мы стэлефаноўваемся, я з усімі размаўляю. Яны прыязджаюць і нават самі праводзяць заняткі для малодшых сяброў гурта. Самае галоўнае, што яны сябры. Яны маюць здаровы патрыятызм і жаданне рабіць карысць сваёй Радзіме.

Еўрарадыё: Ці адчуваеце Вы нейкую дапамогу ад гарадскіх уладаў? А мо і перашкоды з’яўляюцца?

М. Міхалькоў: Ніхто не перашкаджае. Я лічу так: калі ты імкнешся да нейкай мэты, звяртаешся, то агульную мову можна знайсці заўсёды з усімі. Калі нам трэба было дапамагчы з вопраткай для заняткаў, то я папросту звярнуўся да адміністрацыі — і нам дапамаглі.

Еўрарадыё: Які занятак лічыце асноўным у сваім жыцці?

М. Міхалькоў: Выхаванне сыноў. Я бацька, маю двух сыноў. І для мяне менавіта выхаванне сваіх дзяцей — самае галоўнае. Чалавек, я лічу, павінен пасадзіць дрэва, выхаваць дзяцей і збудаваць дом.

Еўрарадыё: Што хацелі б пажадаць у сённяшняе свята беларускім мужчынам, вайскоўцам?

М. Міхалькоў: Па-першае, безумоўна, усім моцнага здароўя. Самае галоўнае, каб нашы хлопцы не забывалі, што яны мужчыны, і былі годныя подзвігаў, якія ў свой час рабілі нашыя землякі не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і ў ранейшыя часы.

Фота: komkur.info.