Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў шпіталізаваны, яму патрэбная дапамога

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на грамадскую актывістку Юлію Сцяпанаву.





Па яе словах, сёння хлопец звярнуўся да лекара. Аналіз крыві паказаў, што ўзровень гемаглабіну ў Малчанава складае 70 г/л. Маладога чалавека "тэрмінова шпіталізавалі". Лекары падазраюць у яго язву і ўнутраны крывацёк, хутчэй за ўсё, яму правядуць аперацыю.





Малчанаў жыве ў Барысаве з бацькам-інвалідам, у яго няма сваякоў ці сяброў, якія маглі б дапамагчы. Трэба, каб у Барысаў прыехаў дарослы чалавек, які мог бы прывезці ў лякарню Малчанаву неабходныя рэчы і пагаварыць з лекарамі, адзначыла Сцяпанава. Акрамя таго, па яе словах, Малчанаў знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, бо за ім усталяваны прафілактычны нагляд. Хлопец не можа пераехаць у Мінск, дзе можа ўладкавацца на працу.





Фота — belapan.by