Былы нападаючы магілёўскага “Дняпра” ужо 3 месяцы сядзіць на Акрэсціна

Праваабаронцы кажуць, што ў цэнтры ізаляцыі на Акрэсціна шмат людзей, якія чакаюць дэпартацыі. Раней пра іх проста не ведалі. Цяпер жа вядома пра 15 чалавек, распавядае праваабаронца Наста Лойка.

"Там расіяне, грузіны, адзін украінец быў, 3 афрыканцы. З рознымі гісторыямі, рознымі падставамі. Большасць з іх ужо дэпартаваныя, але ёсць тыя, хто знаходзіцца там месяцамі, і іх лёс незразумелы".

Патрык з Конга чакае дэпартацыі каля года. І ўвесь час ён знаходзіцца за кратамі. Патрык — ветэран вайны, прыехаў у Беларусь вучыцца на лётчыка, але яго выклікалі ў консульства і сказалі, што трэба вяртацца на радзіму ваяваць.

"На што ён проста парваў свой пашпарт. І цяпер знаходзіцца ў ЦІПе ужо працяглы тэрмін. Консульства не хоча даваць інфармацыю пра яго. У яго сітуацыі было б добра падаць на прытулак у Беларусі. Але ён наўрад ці ведае, як гэта робіцца".

Цяпер у Патрыка пачаліся псіхалагічныя праблемы. Ён перастаў размаўляць з людзьмі. Праваабаронцы нават не ведаюць дакладна яго прозвішча, каб перадаць нейкія рэчы.

"Ён сядзіць у двухмясцовай камеры, і ў яго дах едзе. Яму трэба дапамагчы", — распавядае Леанід Кулакоў, які сядзеў на сутках падчас чэмпіянату па хакеі.

Бывае, што ў людзей, якія чакаюць дэпартацыі на Акрэсціна, праблемы з дакументамі, бо трэба даведацца іх асобу і ўвесь гэты час яны знаходзяцца за кратамі. А потым пачынаюцца праблемы з самой дэпартацыяй, бо квіткі затрыманым трэба набываць за ўласныя сродкі.

Сваякі і консульствы не заўсёды ведаюць пра затрыманых. Яшчэ адзін затрыманы — футбаліст з Нігера Мадзіба Сідзібэ, які гуляў за магілёўскі “Дняпро”. Кантракт у яго скончыўся яшчэ ў снежні. Ён збіраўся вяртацца на радзіму, але яго затрымалі ў аэрапорце і завезлі на Акрэсціна. Там мужчына сядзіць з канца лютага, бо яму не могуць набыць квіток.

"З футбалістам з Нігера там праблема, што супрацоўнікі міліцыі бясконца бралі ў яго грошы наяўныя. Потым прыйшлі, сталі патрабаваць, каб ён казаў пін-код ад карткі, маўляў, трэба 6 мільёнаў для квітка. А ён казаў, давайце я паеду ў аэрапорт з вамі, набуду квіток і ўлячу. Не, так не паложана. Тое самае было з грузінамі. Яны казалі, што мы можам папрасіць родных, каб даслалі грошы. Супрацоўнікі міліцыі казалі, так грошы патрэбныя, але звязацца з роднымі мы вам не можам даць, бо так не паложана", — кажа Наста Лойка.

Дзякуючы сядзельцам-актывістам сталі вядомыя розныя гісторыі людзей, якія чакаюць дэпартацыі. Так, Леанід Кулакоў, распавядае, што разам з ім у камеры сядзеў яшчэ адзін афрыканец з Замбіі.

"Ён па-руску — поўны нуль. Сядзіць, плача, яго ніхто не разумее. Яны на яго крычаць, ён галавой махае, думае, што кажуць нешта добрае".

Актывіст кампаніі "Ежа замест бомбаў" Валерый Тамілін трапіў у адну камеру з грузінамі.

"У аднаго скончыўся тэрмін рэгістрацыі. Ён не паспеў зрабіць новую, на наступны дзень яго затрымалі. Яшчэ адзін прыехаў сюды працаваць, але яго падманулі з рэгістрацыяй. Быў яшчэ адзін грузін, яго ўжо дэпартавалі. У яго была рэгістрацыя да 15 красавіка. Затрымалі яго 14 красавіка раніцай на вакзале і пратрымалі двое сутак у стакане. Потым пастфактум аформілі затрыманне. Ён хацеў ляцець у Грузію, чакаў сябра з якім павінен быў набыць квіток. Але не дачакаўся, яго затрымалі".

Колькі такіх выпадкаў, праваабаронцы не ведаюць, бо інфармацыі вельмі мала, і звычайна тых, хто чакае дэпартацыі трымаюць асобна ад актывістаў. Цяпер некаторым затрыманым спрабуюць дапамагчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі