Крымінальную справу Леаніда Судаленкі перадалі ў суд. Яго на судзе не будзе

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" супраць былога палітвязня і праваабаронцы Леаніда Судаленкі перадалі для разгляду ў Гомельскі абласны суд. Справа будзе разглядацца завочна — пасля вызвалення з калоніі мінулым летам Судаленка пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца за мяжой.

У чым сутнасць новых абвінавачванняў, Судаленка не ведае. Вядома толькі, што ў справе фігуруюць ч.1 і 2 арт. 361-4 КК ("Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці").

Судаленка нагадвае, што спрабаваў звязацца са следчымі. Ён адправіў ім ліст, дзе ўказаў свой літоўскі нумар тэлефона і патлумачыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну. За гэты час з ім ніхто так і не звязаўся. Затое ў яго кватэры і доме ў Беларусі прайшлі ператрусы, быў накладзены арышт на яго зямельны ўчастак.  

"Не прайшло і паўгода, як яны скончылі справу і перадалі ў суд. Але тым самым яны нават парушаюць свае ж правілы спецвытворчасці", — адзначае Судаленка. Ён нагадвае, што згодна з п. 2 ч. 2 арт. 468-25 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса спецвытворчасць можа праводзіцца пры выкананні шэрагу ўмоваў. Адна з іх: калі замежная дзяржава так і не выканала на працягу шасці месяцаў просьбу выдаць фігуранта справы. Але "шэсць месяцаў на запыт аб маёй выдачы або адмове ў гэтым заканчваюцца толькі 1 траўня, нават пры ўмове, калі яны ў першы дзень пасля завядзення справы накіравалі ў Літву запыт аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь", — адзначыў праваабаронца.

Леанід Судаленка — адзін з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў. За дапамогу пацярпелым падчас акцый пратэсту і рэпрэсаваным яго ў 2021 годзе асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі