Вы тут

Былы міліцыянт атрымаў 1,5 года калоніі за ўдзел у пратэстах

Дзмітрый Скратуцкі / t.me/viasna96

Палітвязень Дзмітрый Скратуцкі асуджаны да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы. 

Справу Скратуцкага разглядаў суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна ў аўторак. 36-гадовы прадпрымальнік, які да гэтага 6 гадоў працаваў у міліцыі, прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Паводле версіі абвінавачання, у 2020 годзе Скратуцкі заклікаў людзей да ўдзелу ў незаконных масавых дзеяннях грамадска-палітычнага характара ў тэлеграм-каналах. У чатах мужчына пісаў, што можа апазнаць супрацоўнікаў міліцыі, калі яму дашлюць фотаздымкі.

Скратуцкі прызнаў віну цалкам. Па словах абвінавачанага, яго як былога міліцыянта абурыла тое, што рабілі сілавікі з пажылымі людзьмі падчас акцый пенсіянераў. Сведкай на судзе выступіла маці палітзняволенага Марыя Скратуцкая, якая шмат разоў была чальцом выбарчых камісій. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.