Былога міліцыянера высяляюць з арэнднай кватэры за пазыку ў 13 мільёнаў

Жыхароў трох арэндных дзяржкватэр у Маскоўскім раёне Мінска высяляюць за запазычанасць. Яны два і болей месяцаў не плацілі ні за карыстанне жылым памяшканнем, ні камунальныя плацяжы. На сайтах пачаліся гарачыя спрэчкі, чыноўнікаў абвінавачвалі ў чэрствасці. Маўляў, на двор, на мароз!

Еўрарадыё даведалася, каго менавіта высяляюць за запазычанасць.

У адміністрацыі Маскоўскага раёна кажуць, што гэтыя кватэры раней былі службовымі, але з 1 красавіка 2014 года перайшлі ў разрад арэндных.

У ЖРЭА Маскоўскага раёна ўдакладняюць: за кватэру арандатары павінныя былі плаціць не болей за 300 тысяч рублёў, у адрозненне ад “простых смяротных”, якія за арэндную аднапакаёўку плацяць ад 1,5 мільёна.

Аднаго з трох пазычальнікаў ужо выселілі. Дзве сям'і яшчэ чакае высяленне. Па выпадковасці кватэры даўжнікоў знаходзяцца на вуліцы Караля, у адным доме. У гэтым доме некалі давалі кватэры тым, хто служыў у органах унутраных спраў.

“У аднаго пазыка 7,8 мільёна, плюс пеня. Гэта сям'я, але дзе яны працуюць, дзе яны ўвогуле,  мы не ведаем”, — у ЖРЭА Маскоўскага раёна дадаюць, што па іх рыхтуюцца дакументы на высяленне.

У ЖРЭА кажуць, што даўжнікам прапаноўвалі ўладкавацца на працу ў ЖЭС, дзе заўсёды не хапае дворнікаў, тыя не пажадалі.

У ЖЭСе №15 сваіх даўжнікоў добра ведаюць. Аляксандр і Ларыса (прозвішча не называем) вінныя дзяржаве каля 13 мільёнаў: яны не плацілі 15 месяцаў ні за арэнду, ні за камунальныя плацяжы.

Аляксандр — былы міліцыянер, працаваў у органах, пакуль не выгналі. Сям'я мае дваіх дарослых дзяцей, яны ўжо атрымалі кватэры. У ЖЭСе расказваюць, што сям'я праблемная — муж і жонка п’юць, нідзе не працуюць і ў кватэры на вуліцы Караля з'яўляюцца рэдка.

Яшчэ адна пазычальніца жыве ў гэтым жа доме, але ў іншым пад'ездзе. У яе быў пакой у кватэры, якую здымалі хлопцы са службы бяспекі прэзідэнта. Хлопцы атрымалі па кватэры, казалі, што даўжніца ў кватэры не з'яўляецца. У ЖЭСе нават некалькі разоў аб'яўлялі яе ў вышук.

“Раней нельга было выселіць, калі не ведаеш, дзе чалавек. А цяпер два месяцы не плаціш — і ўсё. Можна высяляць”, — кажуць у ЖЭСе. Распавядаюць, што і другая даўжніца некалі мела мужа-міліцыянера, але як склаліся адносіны далей, ніхто не ведае.

Усяго ў Маскоўскім раёне каля 537 арэндных кватэр. На адну кватэру ў Мінску прэтэндуе ад 100 да 400 сем’яў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі