Былога брамніка нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Васіля Хамутоўскага асудзілі на 2 гады абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Яго прызналі вінаватым у "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", піша "Трыбуна".
Крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Шоцік).
Хамутоўскі — футбольны трэнер. У 2020-м ён асудзіў гвалт сілавікоў, падпісаўся пад патрабаваннем сумленных выбараў. Быў аштрафаваны за ўдзел у пратэстах. Потым Васіль Хамутоўскі выехаў з Беларусі, працаваў у Саудаўскай Аравіі, Украіне, Румыніі. Яго затрымалі 30 верасня пасля вяртання на радзіму. Спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля пачалі крымінальную справу. Беларускія праваабаронцы прызналі Хамутоўскага палітвязнем.