Бясплатны Інтэрнэт працуе нават у курылках, але студэнты пра гэта не ведаюць

Самы якасны wi-fi-Інтэрнэт ловіцца ля рэзідэнцыі прэзідэнта, а самы дрэнны – на чыгуначным вакзале ды ля ратушы За два месяцы тэставай эксплуатацыі wi-fi-сетак у Мінску доступ у Інтэрнэт з’явіўся ў 19 публічных месцах. Пасля гатэляў wi-fi дайшоў да навучальных устаноў. Інтэрнэт мы злавілі ў фае Мінскага вышэйшага каледжа сувязі. Камфортных умоў тут пакуль няма. Аднак адказны за мантаж і суправаджэнне wi-fi-сеткі спецыяліст каледжа Зміцер Ілюшанка кажа, што Інтэрнет працуе у курылцы:

Пакрыццё кропкі каледжа - гэта адміністрыцыйны будынак плюс паверх уверх (актавая зала). Таксама курылка, якая ў двары. Плюс дзве кропкі ў інтэрнаце нумар два. Сумарна кропкі пакрываюць двор каледжа сувязі на вул.Броўкі паміж двума інтэрнатамі.


Але ніводзін са студэнтаў каледжа, якіх мы сустрэлі ў курылцы, нічога не ведаў пра халяўны Інтэрнэт. Між тым, па словах прадстаўніка прэсавай службы “Белтэлекаму” Аляксея Федарынчыка, бясплатны доступ будзе да сярэдзіны восені:

Мы гаварылі пра тое, што бясплатны Інтэрнэт будзе дакладна да сярэдзіны восені. Кастрычнік яшчэ будзе бясплатным.

Аднак супрацоўнік каледжа сувязі Зміцер Ілюшанка ўпэўнены, што бясплатны Інтэрнэт тут будзе да Новага года.

Аляксей Федарынчык запэўніў Еўрарадыё, што службовая інфармацыя не будзе ствараць шалёны трафік, за які будуць плаціць карыстальнікі:

Будуць карткі з улікам па трафіку. Будуць прадавацца карткі — сцірай: логін, пароль, як звычайна. А па часе — гэта не разумная тарыфікацыя. Казаць аб тым, што службовая інфармацыя будзе генераваць шалёны трафік, за які будуць плаціць карыстальнікі, – абсурд.


Што да якасці пратэставанай сувязі, то найбольшую хуткасць мы злавілі каля гатэля “Кастрычніцкі” (побач з адміністрацыяй прэзідэнта), у кавярні кінатэатра “Цэнтральны” ды ля гатэля “Планета” – 80-90 кілабайт у секунду.

Стабільная хуткасць ля гасцініц “Юбілейная”, “Беларусь”, “Спадарожнік”. Тут можна на лавачках побач з уваходам камфортна пасядзець у Інтэрнэце.

А вось на плошчы Свабоды ля ратушы побач са шкляной пірамідай сігнал злавіць не атрымалася.

Бліз вакзалу ёсць магчымасць выйсці ў Сеціва як на парапеце, што насупраць галоўнага будынку, так і на ўсіх паверхах самога вакзалу. Аднак сігнал там не стабільны, хуткасць вагаецца ў інтэрвале 20-30 кілабайт у секунду. Для прагляду старонак ледзь хапае.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

На гэты момант у Мінску налічваецца 19 кропак бяздротавага доступу:

1 Чыгуначны вакзал
2 Гатэль «Кастрычніцкі»
3 Гатэль «Мінск»
4 Гасцініца «Беларусь»
5 Гатэль «Юбілейны»
6 Гатэль «Планета»
7 Гатэль «Арбіта»
8 Аэрапорт «Мінск-2»
9 Гатэль «Агат»
10 Гатэль «Спадарожнік»
11 Клуб «Ізюм» (пр-кт Незалежнасці, 25)
12 Спартыўны комплекс імя П. Машэрава.
13 Гарадская ратуша (пл. Свабоды, 2)
14 Гатэль "Турыст" (Партызанскі пр-кт, 81)
15 Гатэль "Алмаз" (вул. Герасіменкі, 8)
16 Кінатэатр "Цэнтральны" (пр-кт Незалежнасці, 13)
17 Навучальны корпус Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі (вул. П. Броўкі, 14)
18 Інтэрнат Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі (вул. П. Броўкі, 12)
19 Кавярня «Спадчына» (пр-кт Пераможцаў, 23)

Да канца года кропкамі бесправаднога Інтэрнэту будзе пакрыта яшчэ 50 публічных месцаў.

Фота: http://www.photosight.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі