Бярозаўскі камбінат: Дзеці з Мазыра не маглі атруціцца нашымі сыркамі

Адразу пасля здарэння ў Мазыры, дзе ў бальніцу з харчовым атручваннем паступіла больш за 70 дзяцей, бацькі школьнікаў абвінавацілі ў няякаснай прадукцыі Бярозаўскі сыраробны камбінат. Маўляў, гэта іх сыркамі атруціліся дзеці.


“Мой сын таксама атруціўся ў школе. Выклікалі хуткую і ездзілі на прамыванне. Вельмі шмат было дзяцей… Ва ўсіх школах меню было рознае, але ўсім давалі глазураваныя сыркі”, — піша адзін з бацькоў.


У размове з карэспандэнтам Еўрарадыё намеснік дырэктара па вытворчасці Бярозаўскага сыраробнага камбіната Наталля Бялека абвяргае падазрэнні.


“Мы разбіраемся з гэтым пытаннем. Гэтага не можа быць. У Мазыр было адгружана 8400 сыркоў, а атручэння толькі 70 выпадкаў. Дзе рэшта? У нас тут цяпер ізноў санстанцыя, праверка ідзе. Сыркі ў нас чыстыя, мы ўсё праверылі. Я гарантую, што ў нас якасная прадукцыя”.


Канчатковую прычыну масавага атручэння павінны высветліць у Мазырскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Там ідзе тэрміновая нарада.


Нагадаем, што дзеці ў гарадскую бальніцу Мазыра пачалі паступаць днём 19 верасня. Атруціліся вучні трох школ і адной гімназіі – агулам 71 чалавек. На дадзены момант у Мазырскай гарадской бальніцы застаецца 13 пацярпелых дзяцей.

Фота econet.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі