Бялкоўскі: У справе Брэўса і Гапонава Расія дзейнічае ў інтарэсах капіталу

Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў дырэктар Інстытута нацыянальнай стратэгіі, расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.

У справе расіян абвешчаны чарговы перапынак — да 10 сакавіка. Нагадаем, што іх судзяць за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года.

Справу расіян часта характарызуюць як палітычны гандаль паміж Беларуссю і Расіяй. Ці быў гэты гандаль насамрэч? Бялкоўскі ўпэўнены, што гандаль і быў раней і працягваецца цяпер

Бялкоўскі: "Безумоўна, ён быў і працягваецца. Нягледзячы на нейкае пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй у апошні час (не столькі пацяпленне, колькі выглядае такім на фоне пахаладання адносінаў Беларусі з Захадам пасля снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў), усё адно стратэгічныя адносіны сапсаваныя. Аляксандр Лукашэнка не давярае расійскім лідарам, яны не давяраюць яму — прычым гэта складалася цягам некалькі гадоў. Таму Лукашэнка выкарыстоўвае любую магчымасць, каб патаргавацца з Расіяй наконт розных эканамічных умоваў і параметраў узаемаадносінаў. І лёс расійскіх грамадзянаў — гэта адна з падставаў і прычынаў торгу".

На думку Бялкоўскага, яшчэ можна чакаць фармальнага пратэсту ад МЗС Расіі з нагоды гэтага суда. Але фактычная аснова аснова такога пратэсту — інтарэсы расійскага кап італу

Бялкоўскі: "Іншая справа, што Расія працуе не ў інтарэсах Гапонава і Брэўса, а працуе ў інтарэсах вялікага капіталу. І калі ў задавальненні гэтых інтарэсаў будуць знойдзеныя кропкі сутыкнення з Лукашэнкам, то тэма Гапонава і Брэўса мякка сыдзе на задні план".

Хаця Гапонаў і Брэўс шараговыя грамадзяне, Расія ўсё адно абавязаная іх абараняць. Таму, кажа эксперт, беларуская ўлада выкарыстоўвае сітуацыю, каб змусіць Расію да пэўных дзеянняў:

Бялкоўскі: "Зараз на парадку дня эканамічныя ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Беларуссю. Безумоўна, у першую чаргу прыватызацыя — размарозка беларускіх актываў, так было учора, так ёсць і сёння. Спроба прыцягнуць да прыватызацыі еўрапейскія кампаніі правалілася ці, як мінімум, адкладзеная. Таму Лукашэнку ў кожным разе давядзецца сёння весці дыялог на гэты конт з крупнымі расійскімі карпарацыямі. А ў гэтым дыялогу будзе добры і лёс расійскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца пад арыштам".

На думку Бялкоўскага, расійскі бізнэс можа прыйсці ў Беларусь. Праўда, толькі ў тым разе, калі будзе бачыць максімальна хуткую аддачу пры дастаткова нізкіх укладаннях. Але, на думку палітолага, Лукашэнка зараз знайшоў “залатую жылу”, якая патэнцыйна можа зрабіць яго эканамічна незалежным ад Расіі ды Захаду.

Бялкоўскі: “Беларусь усё больш становіцца прытулкам для беглых дыктатараў. Пачалося ўсе з Курманбека Бакіева яшчэ ў мінулым годзе. Па маіх падліках, на гэтым Беларусь зарабіла 150-200 мільёнаў долараў. А Кадафі, яго сям'я, яго актывы — гэта ўсё пацягне на некалькі мільярдаў. Таму мяркую, што акрамя еўрапейскіх і расійскіх інвестараў у Лукашэнкі ёсць яшчэ ў загашніку патэнцыйныя кандыдатуры тых, каму можна ўладкаваць актывы ў Беларусі па справядлівай цане, бо падзецца ім няма куды".

Нават малая частка капіталаў Кадафі для Беларусі можа стаць значнай інвестыцыяй, кажа Бялкоўскі. А міжнародная супольнасць хоць і паглядзіць на гэта негатыўна, але моцных пратэстаў з гэтай нагоды не будзе.

Фота: rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі