Бульба ў параўнанні з мінулым годам падаражэла ў 4,5 разы

Кропак, дзе на Камароўскім рынку можна знайсці чарніцы, можна пералічыць на пальцах — ягадаў пакуль няшмат, ды і попыт на чарніцы невялікі. Пакуль гэта адны з самых дарагіх ягад. Прадаўцы просяць за кіло 60 тысяч рублёў (кошты ўказаныя на 19 чэрвеня).

“200 грамаў прадала. Але я іх толькі першы дзень прадаю, ды і паставіла далёка”, — расказвае пра небагатае гандлёвае шчасце прадаўшчыца. У яе чарніц невялікая скрыня.

Танней атрымліваецца купляць чарніцы ў бабулек-дзядулек. Яны прадаюць шклянкамі і літрамі.

“14 тысяч за паўлітра, за літр — 28 тысяч”, — прапаноўвае чарніцы дзядуля.

Калі ў паўлітровай шклянцы 350 грамаў, дык кіло атрымліваецца па 40 тысяч за кілаграм. Дарэчы, у мінулым годзе кілаграм чарніц каштаваў 25-30 тысяч у сезон.

“Вядром выгадней купляць, чым шклянкамі. У вядры — сем шклянак. Шклянка даражэйшая”, — рэкламуе суніцы прадаўшчыца. За пяцілітровае вядро просяць 150 тысяч, а за шклянку ў паўлітра — 35 тысяч. Бяром вёдрамі!

З’явілася і маладая беларуская бульба!

“Са Слуцка бульба. Учора капалі”, — прадавец пацірае бульбу, каб паказаць, што клубні лёгка скрабуцца, а значыць бульба сапраўды свежая.

Кошт за кіло — 12-14 тысяч рублёў. Ёсць на кірмашы і ўкраінская маладая бульба: яна буйнейшая за беларускую і даражэйшая — 16 тысяч за кіло.

Цікава, што ў мінулым годзе за кіло беларускай маладой бульбы прасілі 2500-4000 рублёў, а цяпер самую дробную прадаюць па 10-11 тысяч рублёў.

Прадаўцы абяцаюць, што кошт на бульбу ўпадзе, але пазней. Сёлета залевы і вельмі позняя вясна паўплывалі на ўраджай.

Аднак позняя зіма ніяк не паўплывала на ўраджаі клубніц. Іх у гэтым годзе вельмі шмат! Таму кошт пачынаецца ад 10-12 тысяч за кіло (сустракаюцца варыянты нават па 5000-8000!), адборныя ягады прадаюць па 25-35 тысяч рублёў.

“Вельмі добра ягады ідуць, у мяне восем скрынь засталося, а было 19!” — распавядае прадаўшчыца. Усяго за два тыдні кошт за кіло ўпаў больш чым напалову. Першыя з Польшчы і Грэцыі прадавалі за 40 тысяч рублёў, з Брэста — па 35 тысяч рублёў. Пакупнікі набываюць клубніцы вёдрамі і скрынямі.

А вось чарэшні, якія два тыдні таму большасць гандляроў прадавала па 30 тысяч рублёў, зараз, здаецца, канчаткова спыніліся на кошце ў 35-37 тысяч, хоць, безумоўна, можна знайсці і па 30 тысяч рублёў за кілаграм. У параўнанні з леташнім сезонам, чарэшні падаражэлі з 20 да 35 тысяч рублёў за кіло. 
 
На “Камароўцы” пачалі з’яўляцца першыя кавуны — ад 20 тысяч за кіло. Але пакупнікоў на іх небагата. 
 

“Лісічкі з Пухавіцкага раёна, вось глядзіце, якія дробненькія, таму вельмі многа ўлазіць у шклянку”, — паказвае маленькія лісічкі жанчына. Але мяне палохае кошт: за шклянку на “Камароўцы” пакуль просяць 25 тысяч рублёў (у мінулым годзе было 15 000 рублёў). У шклянцы прыкладна 170 грамаў. 

Падлічваю, што за кіло лісічак трэба аддаць 150 тысяч рублёў!
 
Не балюча ўдарыць па кішэні зеляніна — пучок кропу ці пятрушкі каштуе 5000 рублёў, але танней купляць з рук — тады пучок кропу абыдзецца ў 3000 рублёў. 
 

Выгадней за ўсё ў эканамічным плане купляць агуркі і капусту. За кіло агуркоў з Пінска просяць 6 тысяч рублёў, а за капусту — 9-10 тысяч рублёў. А вось памідоры не патаннелі: у сярэднім 14-18 тысяч рублёў. 
 
Табліца. Сярэднія цэны на садавіну і гародніну на Камароўскім рынку (на 19 чэрвеня)
 
 

Кошт прадуктаў на Камароўскім рынку, (бел.рублёў)

Памідоры

ад 15 000

Агуркі

ад 6000

Бульба

ад 10 000 (дробная)

Шампіньёны

26-29 000

Лісічкі

ад 25000 (170 грам)

Чарніцы

ад 15 000 (паўлітра)

Клубніцы

10-35 000

Чарэшні

ад 30 000

Суніцы

ад 35 000 (паўлітра)

Морква

ад 14000

Кабачкі

7000-10000