Букмекеры: У “Дняпра” самыя нізкія шанцы з усіх клубаў Лігі Еўропы

Але ў самой магілёўскай камандзе рады, што ў плэй-оф ім давядзецца гуляць з "Вільярэалам". Букмекеры даюць на перамогу “Дняпра” самы вялікі каэфіцыент сярод усіх удзельнікаў плэй-оф Лігі Еўропы — 15,70. Гэта значыць, што калі паставіць на клуб з Магілёва 1 мільён, і ён пераможа, — забраць з канторы можна будзе 15 мільёнаў 700 тысяч! Для параўнання: каэфіцыент на перамогу “Вільярэала” складае 1,25. У выніку перамогі мінскага “Дынама” над “Бруге” стаўка ўзрасце ў 5,91 разы, а шанцы БАТЭ і “Марыціму” букмекеры расцэньваюць як роўныя.

Тым не менш, дняпроўцы вынікам лёсавання ўзрадаваліся:

“Мы разумеем, хто фаварыт у гэтай пары і якога ўзроўню гэтая каманда, — кажа старшы трэнер каманды Ўладзімір Брэжэзінскі. — Але для нашых хлопцаў гэта выдатны шанец праверыць сябе ў гульні з камандай з лепшага футбольнага першынства Еўропы. Шчыра, яшчэ да лёсавання я хацеў, каб “Дняпро” трапіў на іспанцаў. І шмат хто ў клубе хацеў ці “Вільярэал”, ці “Манчэстэр Сіці”.

Цяпер дняпроўцы думаюць, як перасесці з аўтобуса на самалёт. У папярэднім туры магілёўская каманда ездзіла ў госці да чэхаў на аўтобусе.

“Ездзілі — не стаміліся! Мы ў 2000 годзе лёталі ў Чэхію на самалёце [на матч кубка Інтэртота з “Хмелем”. — Заўв. Еўрарадыё]” — і прайгралі 2:6! Так што вырашылі сёлета змяніць маршрут”, — жартуе Ўладзімір Брэжэзінскі.

Змены прынеслі поспех: “Дняпро” вярнуўся з Астравы пераможцам. Але аўтобус, на якім нашыя футбалісты ездзілі ў Чэхію, стаў нагодай для кпінаў з боку заўзятараў іншых клубаў. Маўляў, няма чаго рабіць у плэй-оф Лігі Еўропы камандзе, у якой нават на авіябілеты няма грошай...

Праўда, паводле словаў трэнера, пасля таго, як лёсаванне вызначыла наступнага суперніка “Дняпра” — іспанскі “Вільярэал” — альтэрнатываў самалёту не засталося:

Уладзімір Брэжэзінскі: “Тут іншых варыянтаў няма. Іспанія ж — не Чэхія. Паляцім самалётам, і паляцім з Магілёва”.

Магілёўскі аэрапорт мае статус міжнароднага і можа здзейсніць чартэрны рэйс хоць у Вільярэаль, хоць куды. Але пакуль з “Дняпра” туды ніхто не звяртаўся, паведамілі Еўрарадыё ў дырэкцыі аэрапорта:

Супрацоўніца Магілёўскага аэрапорта: “Я наконт футбалістаў чую ўпершыню. У нас няма рэгулярных пасажырскіх рэйсаў. Раней былі на Калінінград, а зараз увогуле няма. Таму ад вас упершыню пра іх намеры чую”.

У аэрапорце нам паведамілі, што на тое, каб замовіць чартэр, дастаткова трох дзён. Так што ў “Дняпра” час ёсць. А пакуль у клубе аналізуюць свае магчымасці і прапановы авіякампаній:

“Мы шукаем прапановы, — распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар “Дняпра”. — І з усіх абярэм найбольш вартую. Але канкрэтную інфармацыю я пакуль што не магу вам даць”.

За выхад у плэй-оф Лігі Еўропы “Дняпру” мусяць заплаціць прызавыя грошы. Але дапамагчы клубу яны, на жаль, пакуль не могуць:

Прэс-сакратар “Дняпра”:
“Тут няма такога, што адразу далі грошы і — гуляйце, хлопцы! Калі ўсё пройдзе, там у UEFA падаб’юць бабло, і толькі тады выдадуць прызавыя. Гэта будзе ў наступным годзе”.

У госці да “Вільярэала” дняпроўцы накіруюцца на наступным тыдні. Гульня адбудзецца 19 жніўня, а матч у адказ, які, нагадаем, пройдзе на магілёўскім стадыёне “Спартак”, прызначаны на 26-е.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі