Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Украіны генерал паліцыі Ігар Кліменка (раней ён кіраваў Нацыянальнай паліцыяй) даў першы каментар пра трагедыю ў Браварах пад Кіевам і пра сваю новую працу. 18 студзеня там каля дзіцячага садка ўпаў верталёт, у якім ляцела кіраўніцтва МУС — усе загінулі (у тым ліку і міністр Дзяніс Манастырскі). Агулам загінулі 14 чалавек, у тым ліку 1 дзіця, 25 чалавек пацярпелі. СБУ разглядае тры версіі прычын авіякатастрофы.
"Мы ўсе спустошаныя, — кажа Кліменка. — Мы страцілі нашых прафесійных кіраўнікоў, аўтарытэтных людзей і таварышаў... Будзем працаваць дзень і ноч, каб устанавіць прычыны авіякатастрофы".
Што да новых абавязкаў, то, як адзначыў генерал, стаіць задача стабілізаваць працу ўсіх органаў і падраздзяленняў сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Украіны. Але ўжо цяпер "сітуацыя пад кантролем".
