Будучыня Беларусі за культурай, якую абараняе нацыянальнае войска — палітолаг

Байцы палка Каліноўскага са сваім сцягам і сцягам Першага Слуцкага палка стральцоў, які існаваў у 1920 годзе / t.me/belwarriors

Калі ў беларусаў атрымаецца зрынуць рэжым Лукашэнкі, гэта будзе толькі частка справы. Каб абараніць сваю незалежнасць ад Расіі і пабудаваць паспяховую краіну, беларусам патрэбны канкрэтны план і прафесіяналы, лічыць палітолаг Павел Усаў. Пры гэтым часу ў пераходны перыяд будзе мала, таму варта клапаціцца пра будучыню цяпер.

Будучыня за прафесіяналамі ад спецслужб, ад вайскоўцаў, ад культуры, ад СМІ, ад палітычнага кіраўніцтва. Немагчыма пабудаваць дзяржавы моцнай, стабільнай без апоры на прафесіянальных вайскоу́цаў, афіцэраў, прафесіянальных спецслужбістаў. Культура і нацыя бароняцца са зброяй у руках, асабліва, калі мы кажам пра сітуацыю, у якой мы ёсць. Ідэі ўплываюць на захаванне людзей, а ўжо захаваная нацыя ў стане эфектыўна сябе бараніць. Я не хачу падзяляць вайсковы і культурны кантэкст. Гэта дзве рэчы, якія немагчыма разглядаць паасобку…

Той жа 1918 год прыгадаем. Па сутнасці быў паспяховы ідэалагічны праект Беларускай Народнай Рэспублікі. Але не было войска. Мы не паспелі стварыць войска па прычыне таго, што гэтага не дазволілі зрабіць немцы. І фактычна на плячах адступаючых немцаў уехалі ў Беларусь бальшавікі.

Цяпер беларусаў чакае паўтор сцэнара пачатку XX стагоддзя, калі будзе шанец стварыць незалежную краіну з арыентацыяй на нацыянальныя каштоўнасці.

Крытычны момант будзе. І нават калі будзе разваленая Расія, там застанецца шмат рэвізіяністаў, шмат імперцаў, якія будуць імкнуцца ніякім чынам не саступаць і арганізоўваць тыя ж самыя гібрыдныя рэвалюцыі і гэтак далей. І ўласнае войска, нацыянальнае, будзе проста неабходнае. Сённяшняе вайсковае крыло ў нашай краіне антынацыянальнае.

І нам патрэбна будзе афіцэрскае ядро, проста тыя, хто бралі ўдзел у баявых дзеяннях, каб перадаць досвед. Гэта трэба інтэнсіўна рабіць. Не будзе такога, што нам дадуць год і ніхто нас напрацягу гэтага года чапаць не будзе.

Таму пры ўмове, што мы дасягаем асноўнай мэты і зрынаем рэжым Лукашэнкі, мы павінны ўжо мець гатовую праграму дзеянняў і дастатковы вайсковы, палітычны, ідэалагічны рэсурс, каб перафарматаваць краіну на працягу некалькіх месяцаў, — рэзюмуе Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.