Брытанія склікае тэрміновае пасяджэнне Савета бяспекі ААН па атручванні Скрыпаля

Брытанія склікае тэрміновае пасяджэнне Савета бяспекі ААН па атручванні Скрыпаля

Савет бяспекі ААН правядзе тэрміновае пасяджэнне ў сувязі з атручэннем у Вялікабрытаніі экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на брытанскае МЗС. Лондан лічыць, што за атручэннем расійскага перабежчыка з вялікай верагоднасцю стаіць афіцыйны Крэмль.

Пасяджэнне Савета бяспекі ААН пачнецца ў 22.00 паводле беларускага часу.

Паведамляецца, што расійскі амбасадар выкліканы ў МЗС Вялікабрытаніі.

Тэлеканал Sky News са спасылкай на неназваныя крыніцы інфармуе, што Брытанія рыхтуе высылку расійскіх дыпламатаў. Пры гэтым амбасадар Аляксандр Якавенка высланы не будзе. Такім чынам брытанцы хочуць захаваць магчымасць для дыялогу з Расіяй. Пра канкрэтныя меры прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй абвесціць сёння ўвечары. 

Лондан ставіў перад Масквой ультыматум, каб у сутачны тэрмін растлумачыць, як нервова-паралітычнае рэчыва, якім былі атручаныя Скрыпаль і яго дачка Юлія, трапіла ў Брытанію. На гэта Масква заявіла, што гатовая даць адказ на працягу 10 дзён пасля атрымання афіцыйнага запыту. МЗС Расіі таксама запатрабаваў даць доступ да матэрыялаў справы.

Перабежчыка з ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку знайшлі 4 сакавіка без прытомнасці на лаўцы ў цэнтры брытанскага Солсберы. Следчыя выявілі, што іх атруцілі нервова-паралітычным рэчывам. Скрыпаль і яго дачка дагэтуль знаходзяцца ў шпіталі ў цяжкім стане. Брытанскія ўлады паведамілі, што Скрыпаль з дачкой былі атручаныя рэчывам "Навічок", якое вырабляецца толькі ў Расіі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі