Брэсцкія актывісты зноў абмеркавалі з уладамі "акумулятарны" рэферэндум

Акумулятарны завод пад Брэстам / greenbelarus.by
Акумулятарны завод пад Брэстам / greenbelarus.by

5 ліпеня ў Брэсце актывісты сустрэліся з чыноўнікамі райвыканкама і абмеркавалі пытанне правядзення рэферэндуму аб лёсе акумулятарнага завода, піша TUT.by.

Па традыцыі кожную нядзелю актывісты збіраюцца каля 12.00 на плошчы Леніна і кормяць галубоў, пратэстуючы такім чынам супраць будаўніцтва АКБ. Ужо другую нядзелю запар у іх мірную акцыю ўмешваецца АМАП. Праваахоўнікі адціснулі актывістаў з іх месца збору і патлумачылі, што на ўсе іх пытанні могуць адказаць у актавай зале гарвыканкама. Сёння там была прызначаная сустрэча з раённымі органамі ўлады. Каля ста актывістаў вырашылі ў ёй паўдзельнічаць.

Актывістаў цікавіла геаграфія рэферэндуму па пытанні будаўніцтва АКБ. Праводзіць яго на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў раённыя ўлады адмовіліся. Засталося два варыянты: альбо мясцовы плебісцыт у Брэсце і Цельмінскам сельсавеце, альбо падключыць да галасавання акрамя абласнога цэнтра ўсе населеныя пункты, якія трапляюць у 10-кіламетровую зону вакол прадпрыемства.

Нагадаем, раней улады ўжо адмаўлялі актывістам у правядзенні рэферэндуму, "паколькі будаўніцтва завода ўвайшло ў пяцігадовую інвестыцыйную праграму будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, якая зацверджана прэзідэнтам".

Але цяпер, у сувязі з тым, што ёсць даручэнне прэзідэнта правесці рэферэндум, у нас гэтая магчымасць з'явілася, —патлумачыў Уладзімір Сянчук, старшыня райвыканкама.

Падчас сустрэчы актывісты нагадалі ўладам аб грамадскіх абмеркаваннях справаздачы аб уздзеянні акумулятарнага завода на навакольнае асяроддзе. "Як можна праводзіць рэферэндум, калі завод небяспечны?", — падкрэсліў адзін з удзельнікаў сустрэчы. Улады на гэта паабяцалі сустрэцца з уласнікамі завода.

Таксама праціўнікі завода запатрабавалі адмяніць шматлікія штрафы, якія атрымалі актывісты за акцыі пратэсту супраць прадпрыемства. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч рублёў.

— Штрафы, якія нам давалі, неабгрунтаваныя. Гэта былі форс-мажорныя абставіны, калі нам трэба было абараніць інтарэсы сваёй сям'і, свайго горада, сваёй краіны. Нават такім коштам. Хай хутчэй нам вернуць грошы, якія мы заплацілі, і адменяць тыя штрафы, якія былі прызначаныя, — выступіў Віталій Казак.

Але чыноўнікі райвыканкама сказалі, што "гэтае пытанне не да іх". Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны. Па яе выніках у бліжэйшы час з ліку актывістаў будзе сфарміравана ініцыятыўная група па правядзенні мясцовага рэферэндуму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі