Брэсцкі суд аштрафаваў удзельнікаў сустрэчы з Паўлам Севярынцам

Суд Маскоўскага раёна Брэста 5 верасня разгледзеў адміністрацыйныя справы сябра Партыі БНФ Яўгена Бяласіна і беспартыйнага Вячаслава Круглова, якія былі затрыманы 19 жніўня падчас сустрэчы з апазіцыйным палітыкам Паўлам Севярынцам.
Яны прызнаны вінаватымі за ўдзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства і аштрафаваныя на дзве базавыя велічыні (62 тысячы рублёў) кожны. Калі адбудуцца суды над астатнімі ўдзельнікамі сустрэчы пакуль невядома.

Нагадаем, 19 жніўня ў Брэсце ў офісе Партыі БНФ падчас прэзентацыі кнігі Севярынца "Лісты з лесу" міліцыянты затрымалі 30 чалавек. На 14 з іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

З 30 жніўня па 5 верасня суд разгледзеў сем адміністрацыйных спраў удзельнікаў сустрэчы з палітыкам. З іх тры адпраўлены ў Маскоўскі РАУС для ўдасканалення. Тры чалавекі аштрафаваны, аднаму вынесена папярэджанне.

Сам Павел Севярынец ўжо адбыў 15 сутак арышту. 4 верасня ён выйшаў на волю.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі