Вы тут

Брэсцкі гімназіст загінуў, зваліўшыся з турніка

Турнік / olimpic-stroy.ru, ілюстрацыйнае фота

Брэсцкі гімназіст на перапынку вырашыў паказаць "сонейка" на турніку. Для 17-гадовага хлопца гэта скончылася складаным пераломам пазваночніка, паведамляюць "Мінск-Навіны" са словаў афіцыйнай прадстаўніцы Следчага камітэта Юліі Ганчаровай.

Здарэнне адбылося 12 траўня. Гімназіст з двума аднакласнікамі на перапынку выйшаў на стадыён. Хлопец хацеў пахваліцца перад імі сваімі ўменнямі. Ён стаў разгойдвацца на турніку, каб паказаць, як умее круціцца на перакладзіне з выцягнутымі рукамі. У нейкі момант падчас чарговага разгойдвання ён сарваўся з турніка і зваліўся на зямлю галавой уніз.

У выніку падзення школьнік атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, пераломы шыйных пазванкоў, а таксама комплекс розных іншых траўмаў.

Яму прызначылі судова-медыцынскую экспертызу, каб дакладна выявіць колькасць і ступень цяжкасці атрыманых траўмаў. Сам юнак быў у рэанімацыі пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. 19 траўня ён памёр.

Следчы камітэт займаецца праверкай інцыдэнту. "Апытаныя відавочцы, настаўнікі і кіраўніцтва гімназіі, правяраецца тэхнічная дакументацыя на спартыўны інвентар", — кажа Ганчарова. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.