Брэсцкая “Сцяна” рыхтуе сюрпрызы сваім прыхільнікам!

Брэсцкая “Сьцяна” ўжо трэці раз у 2009 годзе прыехала ў Польшу, каб парваць залу чарговага варшаўскага клуба. Залу парвалі, а пасля падзяліліся з Еўрарадыё сваімі навінамі і планамі на будучыню. Што за прычыны такіх частых канцэртных выступаў звычайнай эксперыментал-рок каманды з Брэста?

Па словах Аляксандра Памідорава, які тусіў на апошнім канцэрце “Сьцяны”, каманда папросту ўмее працаваць – у адрозненне ад іншых беларускіх гуртоў.

Аляксандр Памідораў: “Яны проста ўмеюць працаваць у адрозненне ад іншых.  Іншыя гурты з Беларусі так не граюць у розных клубах у Варшаве на працягу году. І таму гэта плюс для гурта “Сьцяна” і мінус для ўсіх астатніх груп”.


Фота: Generation.by

Спецыяльна для Еўрарадыё я паспрабавала высветліць, чаму ўсё ж такі “Сьцяна” абышла па колькасці канцэртаў у Польшчы тых, хто лічыцца “легендамі” і “мэтрамі” беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Памідораў прапанаваў сваю версію:

“Таму што яны маюць нармальны мэнэджмэнт, і яны нармальна уладараць са сваёй галавой... і сваёй кішэняй. Вось і ўсё”.

Іду да мэнэджэра “СьцяныЗмітра Назарава і наўпрост пытаюся, ці не падкупілі яны кагосьці, каб так часта ездзіць па “замежжах”. Зміцер пасміхаецца і кажа, што яны падкупляюць публіку выключна творчасцю, самааданасцю ды бескарыснымі паводзінамі на сцэне.

Напэўна, ва ўсе гэтыя якасці закахалася Мальвіна Корчак – польская дзяўчына, якая арганізавала апошні сёлета канцэрт з удзелам “Сьцяны”. Канцэрт адбываўся ў варшаўскім андэграўндным клубе CDQ. Там у  цёмным кутку, недалёка ад сцэны я і падлавіла Мальвіну.

Еўрарадыё: “Мальвіна, скажы, чаму Сьцяна, а не нейкі іншы гурт?”

Мальвіна: “Сьцяна – таму што выйгралі БАСы некалькі год таму, таму што папулярныя ў Польшчы, таму што маюць сваю публіку і таму што я цаню іх асабіста. І калі маю аказію рабіць нейкі канцэрт, то выбіраю іх”.

Гэтым разам адной з аказіяў для Мальвіны, па яе словах, быў 10-ты дзень народзінаў “Сьцяны”. Да таго ж Мальвіна – студэнтка беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту і па сумяшчальніцтве з’яўляецца старшынёй студэнцкага самакіравання. У рамках навучальнай праграмы яна мелася рэалізаваць праект, які б шчыльна быў звязаны з Беларусю. Праект паўстаў і паспяхова рэалізаваўся, а канцэрт з удзелам “Сьцяны”, як выявілася, быў фінальнай кропкай акцыі беларускай культуры за мяжой.

Мальвіна: “Гэта быў праект на тры тыдні. Мы пачалі з “квіза” (конкурс) на беларускую тэматыку, на які былі прызначаныя нейкія ўзнагароды для пераможцаў. Пазней быў абраны лепшы фота-рэпартаж з Беларусі. І фіналам гэтага ўсяго, маёй трохтыднёвай акцыі з’яўляецца гэты канцэрт”.
 

Канцэрт, скажу вам, атрымаўся што трэба! “Сьцяна” дзяліла сцэну з польска-перуанскім гуртом Yoga Terror.  Гурты сыграліся і гучалі даволі гарманічна. “Тэрарысты” скакалі да столі і бадзёра спявалі свае песні! Месцамі нагадвалі і Red Hot Chilli Peppers і Led Zeppelin, а вакалісту “Сьцяны” нават пачуўся Bob Marley ў саўндах “Yoga Тerror”.

Мінула гадзіна і тут з’явіўся хэдлайнер вечарыны!

Выступ "Сьцяны" пачаўся з цемры і пустэчы, падалося, што “легла” святло.

Але пад першыя электрычныя гукі гітары ў вачах пасвятлела – і мы ўбачылі каманду ў поўным складзе. Яны стаялі на сцэне, падрыхтаваныя да драйву. Самае дзіўнае, што ніхто апроч бубнача Лёшы Кузняцова не меў на нагах ботаў!

Як распавялі хлопцы пасля, “босы выступ” стаўся нібыта сваеасаблівым фетышам каманды. Аднойчы  нават на канцэрце ў Брэсце ўслед за “Сьцяной” свае чаравікі паздымалі ўсе ўдзельнікі канцэрту.

Лёша Кузняцоў

У Варшаве “Сьцяне” не ўдалося сцягнуць з народа абутак, затое яны паспрыялі таму, што кожны, хто быў на танцполе згубіў як мінімум 3 кілаграмы вагі!

Вы б гэта бачылі – сапраўдны слэм па абодва бакі сцэны. І гурт, і яго прыхільнікі выклаліся ў той вечар напоўніцу! 1,5 гадзіны сапраўднага рок-экшну – потныя целы, перавёрнутыя калонкі ды мора эмоцыяў! А калі “Сьцяна” адбамбіла, на сцэну ўзлез вакаліст “Yoga Terror” і даволі эмацыйна выказаў усё, што назапасілася падчас канцэрту беларусаў:

Yoga Terror: “Guys you rock! You fucking rock, yeah!”


Yoga Terror пасля канцэрту Сьцяны
Фота by Marta Szymańska

Па размове з іншымі ўдзельнікамі канцэрту стала зразумела, што задаволенымі засталіся ўсе!

“Вельмі, вельмі! Нават не ведаю як. Хлопцы зажыгаюць, сцяна гука, я не чакаў. Добры канцэрт добрай групы. Great band! Bardzo dobrze! Ciekawy! We are glad to have Sciana in Poland again! Spodobało mi się bardzo! Весёлыя завадныя хлопцы. Што сказаць? Руліць!”

Яўген Лук'янчык

Сапраўды “Сьцяна” руліць. Дарэчы, і не толькі на сцэне. Ужо зараз робіцца звядзенне, мастэрынг новага альбома. Па словах вакаліста Пашы Прохарава, калі ўсё пойдзе належным чынам, то да новага года альбом будзе цалкам падрыхтаваны, а ўжо на пачатку 2010-га ўсе ахвотныя змогуць набыць ліцэнзійны дыск. Як стала вядома, альбом будзе называцца “Кропка вяртання”. У яго ўвойдзе шмат абсалютна новых трэкаў, якія ніколі не граліся на публіцы. А ў падтрымку альбома плануецца вялікае музычнае турнэ. Беларусь, Украіна ды Польшча – магчыма, там адбудуцца канцэрты, распавядае мэнеджэр “СьцяныЗміцер.

Зміцер Назараў: “З Men's фэста, які адбудзецца напрыканцы лютага мы, мабыць, пачнем прапагандаваць альбом па гарадах Беларусі. Плануем зрабіць невялічкі тур па 5-6 гарадах Украіны, ў падтрымку новага альбома, і зачапіць некалькі гарадоў у Польшчы”.


Зміцер Назараў by Malwina

Плюс усіх нас чакае сюрпрыз! Які — распавядае вакаліст каманды Паша:

„Ёсць планы запісаць з вядомымі беларускімі музыкамі  некалькі песен. І ёсць ужо такія нейкія "рыбы". Мне здаецца, будзе цікава”.

У будучыні плануецца не толькі запісаць новыя песні, але і зрабіць іх у новым стылі. Музыкі паспрабуюць асвяжыць сваё звычайнае рокавае гучанне электроннымі саўндамі. Паша кажа, што канцэпцыя творчасці татальна не зменіцца, але шмат чаго новага дадасца дакладна.

Паша Прохараў: “Мы плануем змяніць трошачку канцэпцыю напісання песень. Стылістыка прыблізна застанецца тая ж, але ёсць жаданне сінтэзаваць жывы гук і электронны. Скончым гэты альбом “Кропка вяртання”, і ў нас з'явіцца шмат часу, каб займацца вось ужо канцэптуальна новай творчасцю. Можа, не канцэптуальна, яна адрознівацца канцэптуальна не будзе, але будзе шмат новага. Эвалюцыянаваць хочацца! Каб не было такой кропкі, да якой ты прывязаны — і ўсё”.

Паша Прохараў

Магчыма, у наступным годзе мы не пазнаем песні “Сьцяны”, бо эвалюцыя, вядома, рэч непрадказальная!

Таму трэба настройвацца на канцэрты гурта, якія адбудуцца вельмі хутка. Сачыце за інфармацыяй у нашай афішы і на старонцыСьцяны”.

Фота на памяць :) Сьцяна + Yoga Terror

Фота:  Лена Сідоза