Брэсцкага блогера Змітра Гарбунова арыштавалі на 10 сутак

У судзе Ленінскага раёна Брэста судзілі блогера Змітра Гарбунова. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам. Суддзя Дзмітрый Шурын прызнаў брэстаўчаніна вінаватым і прысудзіў яму 10 сутак арышту, перадае Радыё "Свабода".

Гарбунова затрымалі 1 траўня за паўгадзіны да акцыі "чыстых аркушаў". Ён выходзіў са сваёй кватэры з актывістам АГП Аляксандрам Кабанавым, калі іх узялі міліцыянты. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе на іх і склалі пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі. 

Кабанава, затрыманага разам з Гарбуновым, асудзілі на 11 сутак арышту.

На "акцыю чыстых аркушаў" 1 траўня ў Брэсце выйшлі некалькі чалавек. Яны моўчкі стаялі каля кінатэатра "Беларусь", трымаючы ў руках чыстыя аркушы паперы.

2 траўня Ленінскі суд Брэста прызначыў Уладзіміру Казлоўскаму за ўдзел у гэтай акцыі 10 сутак арышту, а Інзе Абрамавай і Аляксею Самайлюку — штрафы.