Вы тут

Брэсцкае “Дынама” звольніла трэнера Шпілеўскага праз 6 тыдняў працы

Фота: ФК "Дынама-Брэст"

Брэсцкае “Дынама” адхіліла ад трэніровачнага працэса настаўніка каманды Аляксея Шпілеўскага. Паводле інфармацыі прэс-службы футбольнага клуба, з 12 жніўня падрыхтоўкай каманды да матчу ў адказ з “Апалонам” 3 раунда кваліфікацыі Лігі Еўропы, а таксама да іншых матчаў будзе займацца Марцэл Лічка.

Сяргей Кавальчук фармальна застанецца галоўным трэнерам, але пры гэтым будзе выконваць функцыі спартовага дырэктара.

30-гадовы Аляксей Шпілеўскі падпісаў кантракт з “Дынама-Брэст” 29 чэрвеня, а 12 жніўня скончыў сваю працу. Ён вырас у Нямеччыне і выступаў у моладзевай камандзе“Штутгарта”, гуляў за зборныя Беларусі розных узростаў, аднак праз траўму спіны вельмі хутка скончыў кар’еру гульца і перайшоў на трэнерскую працу.

За паўтара месяца кіравання Шпілеўскага трэнерскім штабам брэсцкага “Дынама” каманда атрымала 4 перамогі, 2 нічыі і 2 паразы. Ён адзначыўся канфліктам з ключавым гульцом Арцёмам Мілеўскім, з якім у выніку скасавалі кантракт, а таксама нелагічнымі заменамі падчас матчаў, якія стваралі камандзе сур’ёзныя праблемы. Апошняя гучная параза —  0:4 ад “Апалона” у матчы кваліфікацыйнага раунда Лігі Еўропы.