Бразільскі карнавал у ноч закаханых

Бразільскія вечарыны — даволі эксклюзіўная для Мінску рэч. У нас няма бразільскай амбасады, краіна — не нашая суседка, і асабліва няма каму займацца рознымі бразільскімі культурнымі праектамі. Усё, што робіцца ў гэтым накірунку — гэта выключна ініцыятыва аматараў, якія, дзякуй ім, не кансервуюць сваё натхненне ў прыватных тусоўках, а прапануюць яго шырокай публіцы.



Такім чынам 13 лютага Мінск чакае незвычайная вечарына — Карнавальная Ноч Кахання, якая пачнецца ў 23:00 у R-клубе.

У праграме заяўлена выступленне бразільскай спявачкі Ellen Mendonca, спецыяльныя сэты ад DJ Laurel, DJ Sugar, DJ Deep і Verde з Minorscene і шмат бразільскіх шоў.

Калі з бразільскай спявачкай усё зразумела, то з астатнімі пытанне. Цікава, што спецыяльнага, бразільскага яны рыхтуюць на вечарыну, усё ж асноўны іх профіль — іншая музыка.

Еўрарадыё вырашыла не чакаць вечарыны, каб гэта высветліць, а запытала непасрэдна ў артыстаў.

DJ Laurel: “Мая кар'ера як дыджэя пачалася з сэтаў у стылях bossa nova, brazil і latino у танцавальным ключы. FEEL BRAZIL для мяне — эксклюзіўная магчымасць вярнуцца да каранёў сваіх сэтаў праз 10 год!”



DJ Sugar: “Я раней вельмі любіў этна-рытмы паўднёваамерыканскіх краін, таму я патраціў даволі шмат часу на адбор патрэбнага матэрыялу. На latino-techno house танцполе на вечарыне можна будзе пачуць вялікую колькасць перкусіі, барабанных партый, вакала і жывых інструментаў у электроннай музыцы. Гэта будзе дастаткова глыбокая музыка, вельмі прыгожая, не заўсёды супер-танцавальная, але, на мой погляд, яна будзе шыкоўна перадаваць настрой вечарынкі”.

DJ Verde і DJ Deep (Minorscene):
“Бразільская вечарына — гэта вельмі цікава. Нам прыемна, што недзе, у Рыа-дэ-Жанэйра — горадзе кантрастаў, — у гэтую ж ноч будзе праходзіць аднайменны фестываль.
Што яшчэ можам сказаць? Дзве сталіцы, нас двое, і там і тут гарады кантрастаў. Музыка сама просіцца быць рознабаковай, але вытрыманай. Не будзем раскрываць планы на нашае выступленне, каб неяк здзівіць. Але тое, што гэта будзе прыемны для слуха deep-house — факт. Магчыма, мы нават зробім спецыяльны трэк і падорым яго гасцям вечарыны”.


Наконт шоў не было магчымасці запытаць кагосьці канкрэтна, таму мы пацікавіліся ў саміх арганізатараў, што значыць ”капуэйра-батукада-самба-неон шоў”?



Наста Branquinha: “Вечарына Love Carnival Night — гэта квінтэсенцыя фестываля бразільскай культуры FEEL BRAZIL, які пройдзе ў Мінску з 11 па 14 лютага. Госці фэсту, майстры капуэйры з Бразіліі, нашыя сябры, аматары і знаўцы бразільскай атрамсферы — усе там будуць. А калі мы разам, нашыя захапленні пераўтвараюцца ў неверагоднае шоў, на якое можна не толькі глядзець, але і ўдзельнічаць у ім. Так што са свайго боку абяцаем сальта да столі, аглушальныя рытмы бразільскай батукады, свабодную ад комплексаў самбу і шмат эмоцый. Давай і ты, адчуй Бразілію!”.



Дарэчы, Еўрарадыё працягне традыцыю хадзіць на вечарыны разам з вамі, і ў наступны панядзелак мы разыграем 2 квіткі на вечарыну FEEL BRAZIL.

Афіцыйны сайт: www.feelbrazil.net
Фота: з архіву FEEL BRAZIL

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі