Брат Алеся Яўдахі: Ператрус правялі ўначы, забралі асабістыя рэчы

Брат Алеся Яўдахі: Ператрус правялі ўначы, забралі асабістыя рэчы

Аб тым, як праходзіў ператрус у кватэры кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі, затрыманага ўвечары 21 сакавіка, Еўрарадыё расказаў яго брат, які прысутнічаў у кватэры.

"Я, на жаль, не запомніў артыкул, па якім затрымалі Алеся. Усё адбывалася крыху пасля апоўначы. Ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ. З сабой забралі частку яго асабістых рэчаў", — гаворыць ён. І дадае, што ў Алеся Яўдахі пакуль статус затрыманага: "Па словах тых, хто праводзіў ператрус, Алесь знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У яго статус затрыманага, перадачы пакуль не прымаюць. Адваката таксама пакуль няма".

"Я не заўважаў, каб Алесь гаварыў аб нейкіх падазрэннях. Гэта не значыць, што за ім сачылі спецслужбы альбо не сачылі. Калі так і было, то ён аб гэтым мне не гаварыў", — дадае брат Алеся Яўдахі.

Па інфармацыі Еўрарадыё, у ператрусе ўдзельнічалі супрацоўнікі з аўтаматамі, а таксама некалькі следчых. У Яўдахі знайшлі і забралі з сабой грошы, некалькі налепак украінскіх футбольных фанатаў, мапы Мінскай вобласці часоў БССР, а таксама нейкія канспекты.

Увечары 21 сакавіка у Мінску акрамя Алеся Яўдахі былі затрыманыя адзін з былых кіраўнікоў "Белага легіёну" Міраслаў Лазоўскі і былы актывіст Андрэй Дундукоў.

За некалькі гадзін да гэтага Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі