Бойка каля гіпермаркета ў Мінску, інфармацыя пра пацярпелых супярэчлівая

Відавочцы кажуць, што біліся футбольныя фанаты і была стральба з пнеўматычнага пісталета. Нібыта, куля патрапіла чалавеку ў галаву і ён памёр, іншага паранілі нажом — ён шпіталізаваны. Нападнікі ўцяклі, інфармуе сайт dengi.onliner.by.

 

Аднак у сталічнай міліцыі інфармацыю пра ахвяраў не пацвярджаюць. Канфлікт пачаўся са словаў "За каго заўзееш?". Падрабязнасцяў пакуль няма, праходзіць праверка, заявіў прэс-сакратар Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. Ён заявіў агенцтву "Интерфакс-Запад", што міліцыя не мае інфармацыі пра загінулых, "як гэта сцвярджаюць некаторыя крыніцы" — гэта "перабольшванне". Нібыта, гаворка ідзе толькі пра цялесныя пашкоджанні.



Еўрарадыё скантактавалася з футбольнымі фанатамі некалькіх сталічных футбольных клубаў. Яны адмаўляюць, што іх прадстаўнікі маюць дачыненне да гэтай бойкі.

 

Фота — onliner.by