Больш за тысячу жыхароў Горак выказаліся супраць будаўніцтва АЭС

У Горацкім раёне на Магілёўшчыне працягваецца збор подпісаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Нагадаем, адна з меркаваных пляцовак для пабудовы беларускай АЭС якраз знаходзіцца ў гэтым раёне. Спачатку горацкія актывісты правялі сярод насельніцтва інфармацыйную кампанію, а з канца 2007 года пачалі збіраць подпісы.

Прэс-сакратар антыядзернай групы, актывіст з Горак Эдуард Брокараў распавёў Еўрарадыё апошнія звесткі пра ход кампаніі:

“Мы дасягнулі псіхалагічна важнай лічбы – 1009 подпісаў, якія мы зараз апрацоўваем і будзем перадаваць у Адміністрацыю прэзідэнта, парламент. Яны збіраліся толькі ў горадзе Горкі, нават яшчэ і вёскі не ахапілі”.

Пасля вакацыяў да акцыі далучацца і студэнты Горацкай акадэміі, кажа Брокараў. А заўтра ў Мінску пройдзе антыядзерны форум з удзелам актывістаў з Горак. Яны пакажуць прэзентацыйны ролік аб працы антыядзернай групы. У складзе групы ў сталіцу прыедзе і рэкардсменка - пенсіянерка Галіна Мікша, якая сабрала найбольш подпісаў – 277.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі