Больш за тысячу магілёўцаў падпісаліся за аднаўленне ратушы

У Магілёве скончылася кампанія па збору подпісаў за аднаўленне гарадской Ратушы.  Чатыры дні мясцовыя грамадскія актывісты збіралі подпісы за тое, каб гарвыканкам пачаў працу па адбудове Ратушы, якая існавала з XVI стагоддзя і была зруйнаваная ў 1957 годзе савецкімі ўладамі. Падчас акцыі было сабрана больш за тысячу подпісаў.

Актывісты адзначылі, што падчас збору подпісаў нельга было не заўважыць зацікаўленасць жыхароў Магілёва пытаннем аднаўлення помніка гісторыі.

“Амаль ніхто не адмовіўся паставіць свой подпіс. Людзі самі падыходзілі, дзякавалі нас за тое, што мы робім. Гаварылі, што ў горада мусіць быць сімвал. Здзіўляліся, чаму гарадскія ўлады да гэтага не аднавілі Ратушу”, — кажа актывістка па збору подпісаў Таццяна Буланава.

Дарэчы, ў Магілёўскім гарвыканкаме праект па аднаўленню Ратушы разглядаецца ўжо некалькі гадоў. Праца павінна была пачацца, аднак працэс спыніўся за недахопам сродкаў у гарадскім бюджэце.

Ганна Палякова, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі