Больш за палову апытаных жыхароў Польшчы — за поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю

Мяжа Польшчы / twitter.com/Straz_Graniczna
Мяжа Польшчы / twitter.com/Straz_Graniczna

Больш за палову апытаных жыхароў Польшчы выступаюць за поўнае закрыццё ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю. Такія вынікі апытання, праведзенага на пачатку сакавіка, піша rp.pl.

Апытанне праводзіла кампанія SW Research. На пытанне ці павінна Польшча закрыць усе памежныя пераходы паміж Польшчай і Беларуссю, дадатна адказалі 54,1%, адмоўна — 28,4%. А яшчэ 17,5% апытаных сказалі, што не маюць меркавання з гэтай нагоды.

Часцей за ўсё за поўнае закрыццё памеэных пераходаў з Беларуссю выступаюць людзі ў веку ад 25 да 34 гадоў (60%), якія маюць сярэднюю адукацыю (57%). Гэта жыхары гарадоў з насельніцтвам ад 100 000 да 199 000 чалавек (63%), якія маююць прыбытак ад 4001 да 5000 злотых нета (62%), каментуе вынікі апытання старшы менеджар праекта SW Research Адам Ястжэмбскі.

Апытанне праводзілася сярод карыстальнікаў анлайн-панэлі SW Panel з 28 лютага па 1 сакавіка 2023 года. У ім удзельнічалі 800 карыстальнікаў Інтэрнэту, старэйшых за 18 гадоў.

Як распавядала Еўрарадыё, 10 лютага Польшча спыніла працу КПП "Баброўнікі" — аднаго з найбуйнейшых пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы. Афіцыйны Мінск забараніў польскім фурам пакідаць тэрыторыю Беларусі праз іншую мяжу, акрамя беларуска-польскай. У адказ 21 лютага МУС Польшчы абмежавала рух беларускіх грузавых машын праз памежны пераход "Казловічы" — адзіны дзейны памежны пункт пропуску для фур з тэрыторыі Беларусі. Цяпер адкрыты толькі галоўны памежны пераход недалёка ад Тэрэспаля.

Пра тое, што Польшча можа зачыніць усе пераходы з Беларуссю, казаў нават прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі