Вы тут

Больш за 600 спробаў пераходу мяжы прадухілілі за дзень польскія памежнікі

Затрыманыя толькі 11 мігрантаў, астатніх вярнулі ў Беларусь​ / twitter.com/Straz_Graniczna

Больш за 600 спробаў незаконнага пранікнення ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі прадухілілі ўчора польскія памежнікі. За суткі яны зафіксавалі 612 такіх спробаў.

Большасць мігрантаў вярнулі назад у Беларусь, затрыманыя 11 чалавек —10 з Ірака і яшчэ адзін з Турцыі. Акрамя таго затрыманыя яшчэ трое замежнікаў, якія дапамагалі мігрантам парушыць мяжу. Гэта грамадзяне Азербайджана, Турцыі і Украіны, паведамілі ў пагранслужбе Польшчы.

Напярэдадні тэму нелегальнай міграцыі ў ЕС праз Беларусь абмяркоўвалі на саміт міністраў замежных спраў краін ЕС. Перад пачаткам сустрэчы кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас назваў Аляксандра Лукашэнку "кіраўніком дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў". А кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што Брусель распрацоўвае меры па спыненні гэтага патоку мігрантаў, а таксама будзе прасіць краіны, з якіх прыбываюць бежанцы, не перавозіць іх у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.