БМЗ гандлюе з ААЭ і Турцыяй, а абыходзіць санкцыі праз літоўскую кампанію

БМЗ знайшоў спосаб працаваць з Еўропай у абыход санкцый

БМЗ знайшоў спосаб працаваць з Еўропай у абыход санкцый / коллаж Максима Савчука

Абмежаванні на ўвоз металу з Беларусі Еўрасаюз увёў у сакавіку 2022 года. З 3 жніўня 2023-га "Беларускі металургічны завод" асобна ўнесены ў санкцыйны спіс ЕС. Але БМЗ працягвае гандляваць з Еўропай. Журналістам Еўрарадыё ўдалося атрымаць доступ да кантрактаў, якія пацвярджаюць гэта, а таксама пагаварыць з удзельнікам рынку, які прапанаваў дапамогу ў пастаўцы тавараў на БМЗ у абыход санкцый.

 

"Сталёвая апора Беларусі"

Беларускі металургічны завод у Жлобіне пабудавалі "пад ключ" яшчэ ў савецкія часы сіламі дзвюх еўрапейскіх кампаній — італьянскай Danieli і аўстрыйскай Voestalpine. Першую плаўку сталі тут выпусцілі ў кастрычніку 1984 года, а з 1985-га пачалася прамысловая эксплуатацыя завода. У цяперашні час БМЗ працуе як адкрытае акцыянернае таварыства "БМЗ — кіраўнічая кампанія холдынгу "БМК". Прадпрыемства выпускае як высокатрывалую сталь, так і гатовыя вырабы — металапракат, трубы, дрот, сталёвую фібру і іншае.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Беларускі металургічны завод / global.belsteel.com

Цягам амаль усяго свайго 40-гадовага існавання завод захоўваў сувязі з еўрапейскімі прамысловымі гігантамі. У 2010 Danieli і БМЗ падпісалі мемарандум пра будаўніцтва новага лістапракатнага комплексу. А ў 2015 годзе сартапракатны цэх, пастаўлены Danieli, урачыста запусцілі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Лукашэнка на БМЗ / danieli.com

У Еўрасаюзе былі і асноўныя пакупнікі прадукцыі БМЗ, які заўсёды быў арыентаваны на экспарт. За мяжу ішло каля 80% прадукцыі, пры гэтым на долю краін ЕС прыпадала больш за 45% экспарту (паводле звестак 2020 года).

 

Жалезнае эмбарга

Новыя рэаліі як для БМЗ, так і для ўсёй металургічнай прамысловасці Беларусі наступілі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. "У сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны" ў сакавіку 2022-га Еўрапейскі саюз увёў супраць Беларусі санкцыі.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Фрагмент дакументаў, які кажа пра сувязь БМЗ і WSTEEL DMCC / Еўрарадыё

Паводле інфармацыі ад крыніцы журналістаў — удзельніка рынку экспарту металу, з кампаніяй WSteel DMCC звязаны Philipp Koudsie (Філіп Кудсіе). Чалавек з такім імем і з рэгістрацыяй у Адэсе (Украіна) пазначаны ў Panama Papers як акцыянер кампаніі з падобнай назвай, але з рэгістрацыяй на Брытанскіх Віргінскіх астравах — WSteel Ltd. WSteel Ltd таксама займаецца аперацыямі з металам, у 2019 годзе гэтая фірма купляла нарыхтоўкі са сталі ва ўкраінскага прадпрыемства ТАА "Електросталь-Курахове".

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Філіп Кудсіе і яго бізнес-сувязі / offshoreleaks.icij.org

Журналістам удалося пагаварыць з Філіпам Кудсіе. У размове Філіп пацвердзіў, што мае дачыненне і да WSteel Ltd, і да WSteel DMCC. Ён запэўніў: "Вы не турбуйцеся, усё робіцца па міжнародных прав(іл)ах і па правілах уфака (OFAC — падраздзяленне Міністэрства фінансаў ЗША па кантролі за замежнымі актывамі. — Рэд.)".

 

Турэцка-ўкраінскі партнёр: "Давайце прададзім!”

Яшчэ адзін партнёр Беларускага металургічнага завода, які фігуруе ў дакументах, — турэцкая кампанія KB Global Dış Ticaret Ve Makina Sanayi Limited Şirketi. Гэта пастаўшчык прадукцыі на БМЗ. У атрыманых журналістамі дакументах гаворыцца пра пастаўкі на $ 24,4 тысячы.

Журналісты заўважылі, што ў адным з кантрактаў сярод кантактаў пазначаны ўкраінскі тэлефонны нумар. Яго ўласніка ўдалося ідэнтыфікаваць, ім аказаўся грамадзянін Украіны Аляксандр Біенка.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Аляксандр Біенка і фрагмент дакументаў з яго нумарам тэлефона / калаж Еўрарадыё

Біенка пацвердзіў, што працуе ў KB Global і датычны да ўгодаў з Беларускім металургічным заводам. Больш за тое, Біенка пагадзіўся дапамагчы прадаць еўрапейскае абсталяванне (пад'ёмныя механізмы — талі) для БМЗ праз пасярэдніка KB Global (так, каб еўрапейская кампанія наўпрост не мела кантракту з БМЗ, бо на яго накладзеныя абмежаванні ЕС).

Біенка: А вы хочаце прадаць свае талі ці што?
Еўрарадыё: Так.
Біенка: Давайце прададзім.
Еўрарадыё: Як гэты працэс будзе наладжаны?

Аляксандр Біенка прапанаваў стэлефанавацца ў мэсэнджары. Пасля роспытаў пра ўмовы супрацоўніцтва (А хто вам на фабрыцы тэлефон даў?", "У вас абсталяванне толькі талі ці яшчэ нешта?", "Вы нам нейкую прэмію хочаце выпісаць за гэтую ўсю справу?") Біенка паабяцаў вярнуцца да размовы пасля нарады з кіраўніцтвам. На момант выхаду гэтага матэрыялу Біенка не адказаў.

 

Старыя знаёмыя з Еўропы

Паводле атрыманых дакументаў, з Беларускім металургічным заводам гандлююць і еўрапейскія кампаніі. У распараджэнні журналістаў ёсць кантракты БМЗ з кампаніямі Milca Baltija і Eurologistikos baze. Абедзве фірмы зарэгістраваныя ў Літве.

Milca Baltija ўжо трапляла ў поле зроку журналістаў-расследавальнікаў. У верасні 2023 года БРЦ апублікаваў матэрыял пра тое, што гэтая літоўская кампанія дапамагае абыходзіць санкцыі "Гродна Азоту": возіць у Еўропу ўгнаенні пад выглядам узбекістанскіх.

Сама кампанія не хавае ў LinkedIn, што асноўная сфера яе дзейнасці — гандаль на рынку сталі.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Людзі, звязаныя з Milka Baltija. Сяргей Галда — "Lead Sales Representative" / linkedin.com

Мяркуючы з дакументаў, Milca Baltija і Eurologistikos baze звязаныя паміж сабой, бо CJSC Milca Baltija аплаціла БМЗ тры замовы UAB Eurologistikos baze на агульную суму каля 200 тысяч еўра. У якасці краіны прызначэння тавару, які набывала Milca Baltija, пазначаная Турцыя.

Кантракт БМЗ з CJSC Milca Baltija дзейнічае з 31 мая 2022 года. То-бок ужо пасля 2 сакавіка 2022-га, калі пачалі працаваць санкцыі. 

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Дадзеныя па дамове Milka Baltija і БМЗ / Еўрарадыё

А змены ў кантракт з Eurologistikos baze ўнесены 2 сакавіка 2023 года. То-бок ужо праз год пасля пачатку дзеяння санкцый.

БМЗ торгует с ОАЭ и Турцией, а обходит санкции через литовскую компанию
Змена кантракту літоўскіх кампаній з БМЗ пасля ўвядзення санкцый ЕС / Еўрарадыё

Такія дзеянні літоўскіх кампаній можна расцэньваць як парушэнне санкцый Еўрасаюза, пералічаных у артыкуле 1q рэгламенту Савета (ЕС) 2022/355 ад 2 сакавіка 2022 года. Яны забараняюць наўпрост ці ўскосна набываць і перавозіць жалеза і сталь і прадукцыю з іх, калі гэтыя тавары знаходзяцца ў Беларусі або вырабленыя там.

Журналісты пісьмова звярнуліся па каментары да Milca Baltija і Eurologistikos baze з просьбай патлумачыць, чаму яны пасля забароны на гандаль беларускім металам працягвалі падпісваць кантракты з БМЗ. На момант публікацыі адказаў мы не атрымалі.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Belarus Beehive пад ментарствам Максіма Саўчука. Сумесна з "Альянс расследавальнікаў Беларусі" і "Флагшток" (Гомель).

Расследаванні — важная, але працаёмкая частка журналісцкай працы. Каб дапамагчы нам праводзіць іх, падтрымайце Еўрарадыё на Patreon!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі