Вы тут

Бізнес-саюз рэзка адкаментаваў прапанову МПЗ змагацца з заробкамі ў канвертах

Бізнес-саюз параіў чыноўнікам не шукаць заробкі ў канвертах, а разабрацца ў прычынах / pixabay.com

Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў рэзка адказаў на прапанову Міністэрства па падатках і зборах аб'яднаць намаганні ў барацьбе з заробкамі ў канвертах. У РСПП лічаць, што спярша трэба разбірацца з прычынай з'явы, а не займацца барацьбой.

Бізнес-саюз мяркуе, што больш за 50% такіх выплат у канвертах тлумачацца празмернымі падаткамі ў вельмі складаных эканамічных умовах. Яны ўказваюць на пандэмію, палітычны крызіс і агрэсіўныя заявы наконт прыватнага бізнесу. У РСПП не адмаўляюць суб'ектыўныя матывы парушальнікаў, але прызнаюць і "досыць сур'ёзныя аб'ектыўныя прычыны, якімі абумоўленыя падобныя з'явы", піша TUT.by.

У РСПП адзначаюць, што ў 2018 годзе 15,2% арганізацый завяршылі год са стратамі і больш за 45% — з рэнтабельнасцю ад 0 да 5%. Адной з прычын гэтага называюць высокую фіскальную нагрузку, што ў доўгатэрміновым перыядзе вядзе да зніжэння тэмпаў эканамічнага развіцця, стагнацыі ды рэцэсіі.

Паводле звестак Мінфіна, у Беларусі ў апошнія гады падаткі складаюць каля 25%, адлічэнні на сацыяльнае страхаванне — крыху больш за 10%, непадатковыя канфіскацыі — каля 5% да ВУП. Але гэта ў сярэднім. Анкетнае апытанне, праведзенае Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў у 2018-м, паказала, што ў 25,8% арганізацый яны складалі больш за 40% да даданага кошту. 

Высокія падаткі і прыводзяць бізнес да "шэрых" выплат у кавертах. 

Таксама РСПП звяртае ўвагу, што дзяржпрадпрыемствы атрымліваюць ільготы ў абыход заканадаўства. Напрыклад, у ЖКГ дазволена закупляць паслугі ў дзяржпрадпрыемстваў без тэндару па любой цане, а ў прыватнікаў — строга выконваць працэдуру. Гэта дазваляе ўказ №478 "Аб закупках у жыллёва-камунальнай гаспадарцы". У бізнес-саюзе называюць гэта нядобрасумленнай канкурэнцыяй.

Работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў не нясуць належнай адказнасці нават у тых выпадках, калі нават суд не падтрымлівае іх дзеянні. 

Змагацца з заробкамі ў канвертах загадаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй КДК Васілём Герасімавым 1 сакавіка. Плануецца, што атрымальнікі такіх заробкаў панясуць адміністрацыйную адказнасць. Разам з тым падатковая інспекцыя прапанавала бонус работнікам, якія раскажуць пра такія заробкі: падаходны падатак за "шэрыя" выплаты будуць вылічваць не з іх, а з наймальніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.