Бізнес бунтуе: ІП патрабуюць ад "Гарызонта" пайсці насустрач і знізіць арэнду

Завод "Гарызонт" / citydog.by
Завод "Гарызонт" / citydog.by

Прадпрымальнікі, якія арандуюць плошчы завода "Гарызонт", 29 красавіка збіраюцца на сур'ёзную размову з адміністрацыяй. Ужо некалькі гадоў у карпусах завода, якія пустуюць, працуюць квэст-румы, більярдныя, кавярні, фотазоны, гульнявыя прасторы. Сёння праз пандэмію каранавіруса, ваганні курса рубля бізнес адчувае сябе несалодка.

"Амаль два месяцы мы спрабуем дамагчыся дзеянняў з боку нашага арэндадаўцы — "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер" — па падтрымцы нашай працы: зніжэння арэнднай стаўкі, адтэрміноўкі і/або растэрміноўкі плацяжоў, арэндных вакацый і гэтак далей, — расказвае ўладальнік гульнявой прасторы "Кувалда" індывідуальны прадпрымальнік Юрый Алейнік. — Замест гэтага нам адключаюць электрычнасць, цалкам паралізуючы і без таго фактычна прыпыненую па відавочных прычынах дзейнасць".

Бизнес бунтует: ИП требуют от завода “Горизонт” пойти навстречу и снизить аренду
Юрый Алейнік, уладальнік гульнявой прасторы "Кувалда" / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

5 красавіка 35 арандатараў накіравалі калектыўныя звароты ў пяць інстанцый — ад свайго непасрэднага арэндадаўцы да Адміністрацыі прэзідэнта. Яны прасілі пра арэндныя і падатковыя вакацыі (не адтэрміноўку!) на два месяцы. Адказ прыйшоў ад "Гарызонта" і з Мінгарвыканкама: "Змяненне ўмоў дагавора арэнды магчымае толькі па ўзгадненні бакоў гэтага дагавора, якімі з'яўляюцца ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт" і арандатары".

Таксама там гаварылася пра ўказ Аляксандра Лукашэнкі №143 "Аб падтрымцы эканомікі", які вось-вось павінен быў выйсці. Дакумент быў падпісаны 24 красавіка, праз амаль два месяцы пасля першага выяўленага выпадку COVID-19 у Беларусі.

Прадпрымальнікі чакалі гэтага ўказа як манны нябеснай. Але аказалася, што ўсё не так проста. Па-першае, мясцовыя органы ўлады толькі "маюць права" дапамагаць малому бізнесу. Няма дакладных абавязкаў — няма і гарантый падтрымкі. Па-другое, адтэрміноўка плацяжоў па падатках і арэндзе даецца на паўгода. Выплачваць іх трэба будзе на працягу чацвёртага квартала. Далёка не ўсе бізнесы да таго моманту набяруць такія абароты, каб аплачваць свае рахункі за некалькі месяцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі