Вы тут

"Без дыктатарскіх дзяржорганаў": першае за доўгі час беларускае БЧБ-вяселле

Вяселле ў "Народнай Амбасадзе Беларусі ў Швецыі" / тг-канал кіраўніка НАК

Вяселле пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" адбылося 16 кастрычніка ў Стакгольме. "Народная Амбасада Беларусі ў Швецыі" дапамагла з арганізацыяй цырымоніі, а з'яўленне новай сям'і засведчыў былы міністр дэмакратыі Швецыі Енс Орбак.

БЧБ і "Пагоня" ў Беларусі перасталі быць дзяржаўнымі ў 1995 годзе. Адпаведна, усе цырымоніі шлюбу праходзілі з чырвона-зялёным сцягам.

Дзякуючы намаганням беларусаў, якія апынуліся за мяжой, у 2021 годзе маладая пара злучыла свае лёсы ў Швецыі пад гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікай.

— Для нас шлюб у Народнай Амбасадзе стаўся ідэальным варыянтам. Гэта было беларускае вяселле, але зусім ніяк не звязанае з дыктатарскімі дзяржорганамі, — расказвае Еўрарадыё наваспечаная жонка. — З самага пачатку мы планавалі распісацца ў шведаў, але потым я ўбачыла допіс у інтэрнэце пра тое, што можна распісацца ў Народнай Амбасадзе, і мы вырашылі, што гэта знак.

Народная Амбасада Беларусі ў Швецыі / Еўрарадыё

Муж дзяўчыны пераехаў у Швецыю па працы некалькі гадоў таму. Спачатку маладыя людзі сумняваліся і не былі ўпэўненыя, што гэты пераезд назаўжды. Але потым там спадабалася абаім, і хлопец з дзяўчынай вырашылі з'ехацца назусім.

— Усё было афіцыйна. Наш шлюб заключаў прадстаўнік Швецыі, таму гэты шлюб прызнаецца ўсюды. Калі нам будзе трэба, то мы зможам узяць выпіску ў шведаў і праставіць штампы ў беларускіх пашпартах, — кажа дзяўчына.

Мы цікавімся: ці могуць узнікнуць пытанні наконт легальнасці шлюбу ў беларускіх чыноўнікаў і ці не асцерагаюцца маладыя цкавання праз "нелегітымны" шлюб у "нелегітымнай" амбасадзе?

— Вядома мы баімся, але беларускім дзяржорганам зачэпка або прычыны асабліва не патрэбныя. Будзе цалкам у іх духу рэпрэсаваць людзей за тое, што яны проста кахаюць адно аднаго. Па законе наш шлюб прызнаць павінны, але, як мы ведаем, "часам не да законаў", — іранізуе наша суразмоўніца.

Пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу / Еўрарадыё

Ці стане вяселле ў Народнай Амбасадзе прыкладам для іншых беларусаў, якія жадаюць заключыць шлюб?

— Не ўпэўненая, але было б вельмі здорава. Мы вельмі радыя, што цяпер у Народнай Амбасадзе можна заключаць цалкам легальны шлюб. І мы спадзяёмся, што гэта стане добрай традыцыяй.

У цэлым уражанні пра Швецыю ў дзяўчыны станоўчыя.

— Здорава жыць у краіне, дзе дзяржава не ваюе са сваім народам, — расказвае суразмоўніца Еўрарадыё. — Адзін з прыкладаў: калі мы стаялі са сцягамі перад Міністэрствам замежных спраў, да нас падышлі паліцэйскія. Спыталі, ці ёсць у нас вада і ці не горача нам стаяць, таму што было лета. Спадзяёмся, што ў хуткай будучыні такое будзе магчыма і ў нас на радзіме.

Вядома, сумуем па сябрах і сваяках, з якімі мы і так даўно не бачыліся. А ў бягучай сітуацыі і зусім незразумела, калі ўбачымся наступны раз.

Коцікі Вольгі Якубоўскай / Еўрарадыё

На вокладцы сертыфіката аб шлюбе намаляваныя "пратэставыя коцікі" мастачкі Вольгі Якубоўскай.

— Мы былі прыемна здзіўленыя, таму што нам падабаецца творчасць Вольгі, і яе малюнак робіць сертыфікат проста цудоўным, — кажа дзяўчына. — А ў часе вясельнай цырымоніі мы атрымалі відэавіншаванне ад Паўла Латушкі, і гэта было для нас прыемнай нечаканасцю.

Першапачаткова маладыя людзі хацелі цырымонію без шыку, і, па словах дзяўчыны, Народная Амбасада — гэта тое самае ўтульнае месца, якое ідэальна падыходзіла для вяселля ў вузкім коле сяброў. Яна дадае, што мядовы месяц у часе кавіду запланаваць складана, але, маўляў, і без далёкіх падарожжаў маладыя выдатна бавяць час разам.

Шлюб афіцыйна зарэгістравалі ў шведскім падатковым агенцтве, якое адказвае за збор нацыянальных падаткаў і кіраванне рэгістрацыяй насельніцтва. Акрамя Народнай Амбасады Беларусі ў Швецыі, у распрацоўцы вясельнага сертыфіката і арганізацыі цырымоніі ўдзельнічала Беларуская рада культуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.