Берлусконі асуджаны на сем гадоў за сэкс з непаўналетняй

Прысуд набудзе моц, калі Сільвіа Берлусконі не ўдасца яго абскардзіць.



Апроч гэтага, суд у Мілане пажыццёва забараніў 76-гадоваму медыямагнату займаць дзяржаўныя пасады, адзначае ВВС.



Калегія з трох суддзяў-жанчын пакарала Берлусконі больш жорстка, чым прапанавалі пракуроры: тыя прасілі шасцігадовага зняволення.



Нагадаем, скандал вакол эратычных вечарынак "бунга-бунга", якія ладзіліся на віле Берлусконі, разгарэўся на пачатку 2011 года. Пракуратура лічыць, што жанчыны, запрошаныя на гэтыя вечарынкі, былі прастытуткамі — часткай злачыннай сістэмы, створанай адмыслова для таго, каб улагоджваць прэм'ера.



Экс-прэм'ер адмаўляе абвінавачванні ў тым, што ў 2010 годзе ён плаціў 17-гадовай танцорцы Карыме Махруг за сэкс-паслугі. Сэксуальная сувязь з жанчынай, якая не дасягнула 18 гадоў, з'яўляецца ў Італіі крымінальным злачынствам. Сама танцорка на судзе адмовілася ад ранейшых сведчанняў супраць Берлусконі.



Дарэчы, ў "злоўжыванні службовым становішчам" фігуруе тая самая танцорка Махруг. Падчас працэсу стала вядома, як аднойчы Берлусконі тэлефанаваў у паліцыю і ўгаворваў вызваліць унучку прэзідэнта Егіпта, якая патрапіла пад арышт. За "ўнучку Мубарака", як выявілася, выдавала сябе ўсё тая ж Махруг.



Фота — tvc.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі