Вы тут

Беражкоў расказаў, як праходзілі дамоўныя матчы ў беларускім хакеі

Уладзімір Беражкоў у студыі Еўрарадыё.

У беларускім спорце дамоўныя матчы — не рэдкасць. Пяць эпізодаў, якія абмяркоўваюцца на мінскім судовым працэсе аб "дагаварняках" у чэмпіянаце і кубку Беларусі па футболе, — гэта толькі верхавіна айсберга. Такое меркаванне выказаў у эфіры Еўрарадыё спартыўны аналітык, экс-кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Беражкоў:

"Я займаўся праблемай дамоўных матчаў у "Прессболе". У 2011 годзе [хакейная каманда] "Мінскія зубры" гуляла ў МХЛ. Тады ёю кіраваў Андрэй Кавалёў. І вось некалькі матчаў запар у яго былі, мякка кажучы, дзіўнымі. Адзін матч быў наогул неверагодны — хлопцы змагаліся за выхад у плэй-оф, нароўні гулялі матч, і раптам у адным перыядзе лік 0:6. Потым яны ў Чарапаўцы прайгралі апошні перыяд 1:8. Каманду быццам падмянялі! Тады я яму сказаў, што ў яго завёўся крот.

Андрэй пагадзіўся, што гэта дзіўна. Ён правёў уласнае расследаванне. І гульцы яму расказалі, што заказчыкам вынікаў выступае Барыс Тартуноў — вядомы хакеіст, калісьці чэмпіён СССР. Статус у яго быў вельмі высокі — вядома, ён рабіў уражанне на маладых хакеістаў.

Барыс Тартуноў. Фота: boeboda.ru

Я лішняга балбатаць не буду — я звязаны абавязаннямі і з гульцамі па "Мінскіх зубрах", і з Кавалёвым, але скажу, што інфармацыю пра Тартунова я паведаміў, у маім разуменні, вышэй няма куды. Мяне запэўнілі, што ўсё будзе добра. Людзі сказалі, што ўсё будзе расследавана. А пазней даведаўся, што звальняюць Андрэя Кавалёва... Некаторы час яго кар'ера буксавала. Яго проста прыбралі з каманды і нічога не зрабілі, каб расследаваць тую справу".

Прозвішча Тартунова зусім нядаўна прагучала ў судзе Першамайскага раёна Мінска, дзе разглядаецца справа аб арганізацыі дамоўных матчаў у беларускім футболе. Па версіі следства, за "дагаварняком" паміж "Іслаччу" і брэсцкім "Дынама" стаялі двое расійцаў: футбольны агент Міхаіл Пузанаў і былы хакейны галкіпер Барыс Тартуноў.

Характэрна, што ў 2007 годзе ён паспеў пагуляць за мінскае "Дынама", а з 2009 па 2012 год выступаў на розных турнірах у складзе прэзідэнцкай хакейнай каманды. Тартунова нават прызнавалі яе найлепшым гульцом.